Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 111

Тор Хейердал

Каб не заліло радыёрубку, мы накрылі брызентам заднюю сцяну і левы бок каюты. Увесь незамацаваны груз быў моцна прынайтаваны, а парус спушчаны і абкручаны вакол бамбукавай рэі. Калі неба зацягнула хмарамі, акіян зрабіўся цёмным і грозным і з усіх бакоў пакрыўся белымі грабянямі. Доўгія палосы мёртвай пены цягнуліся з наветранага боку шырокіх валаў, і ўсюды, дзе хвалі падалі і разбіваліся, узнікалі зялёныя шрамы, якія яшчэ доўга пеніліся на сіне-чорным акіяне. Калі валы разбіваліся, іх грабяні зносіла ветрам, і над акіянам, нібы салёны дождж, віселі пырскі. Нарэшце пачаўся трапічны лівень, які хвастаў па паверхні акіяна гарызантальнымі шкваламі і закрыў усё ад нашых вачэй. Вада, што сцякала ў нас з галавы і барады, была саланаватая на смак. А мы, голыя і азяблыя, скурчыўшыся, усё бегалі, спатыкаючыся на кожным кроку, сюды-туды па палубе і сачылі за тым, каб усе снасці былі ў парадку і маглі шчасліва перанесці шторм. Калі мы заўважылі на небасхіле першыя адзнакі шторму і потым, калі ён пачаў набліжацца да нас, на нашых тварах можна было прачытаць напружанае чаканне і трывогу. Але калі ён усур’ёз разгуляўся над намі і «Кон-Цікі» лёгка і бадзёра адольваў усе перашкоды на сваім шляху, шторм ператварыўся ў хвалюючы від спорту; мы ўсе любаваліся раз’юшанымі стыхіямі, якія бушавалі вакол нас, бачачы, што наш бальзавы плыт цудоўна спраўляецца з імі і ўвесь час трымаецца, нібы корак, на грабянях хваль, а асноўная маса ашалелай вады ўвесь час праносіцца на які-небудзь дзесятак сантыметраў ніжэй нас. У такое надвор’е акіян шмат чым нагадвае горы. У нас было такое адчуванне, быццам мы ў буру апынуліся пад адкрытым небам на самым высокім горным плато, голым і шэрым. Хоць мы знаходзіліся ў сэрцы тропікаў, кожны раз, калі плыт слізгаў угору і ўніз па ўспененых валах бязмежнай пустыні акіяна, нам здавалася, што мы імчымся з гары сярод сумётаў снегу і скал.

У такое надвор’е рулявому на вахце трэба было не спаць у шапку. Калі самыя крутыя хвалі праходзілі пад пярэдняй часткай плыта, бярвенні на карме зусім вылазілі з вады, але ў наступны момант зноў апускаліся, каб праз хвіліну ўскарабкацца на новы грэбень. Хвалі ішлі іншы раз так блізка адна ад другой, што задняя даганяла нас, калі першая яшчэ трымала нос плыта задзёртым угору; тады на рулявога з шумам падалі, бязладна круцячыся, цэлыя патокі вады, але праз секунду карма падымалася і вада знікала, сцякаючы між бярвеннямі, нібы між зубамі відэльцаў.

Мы падлічылі, што пры звычайным, спакойным моры, калі самыя высокія хвалі часцей за ўсё ішлі з прамежкамі ў сем секунд, кожныя суткі на нашу карму трапляла каля 200 тон вады; але мы гэтага амаль не заўважалі, бо вада спакойна расцякалася вакол босых ног рулявога і гэтак жа спакойна знікала між бярвеннямі. Але ў час моцнага шторму плыт на працягу сутак прымаў на сваю карму больш за 10 тысяч тон вады, калі лічыць, што кожныя пяць секунд на яе падала ад некалькі дзесяткаў літраў да двух ці трох кубічных метраў вады, а часам і значна больш. Іншы раз хваля налятала на плыт з аглушальным, як удар грому, грукатам, і рулявы стаяў па пояс у вадзе, пры гэтым у яго было такое адчуванне, быццам ён вымушаны ісці ўброд супроць плыні па імклівай рацэ. Плыт, здавалася, на момант прыпыняўся ўздрыгваючы, а потым вялізная маса вады, што ціснула на яго карму, спадала каскадамі за борт.