Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 113

Тор Хейердал

Праз нейкі час вялікі ашалелы баніт трапіў з хваляй проста на плыт, і мы вырашылі скарыстаць яго і злоўленага перад тым тунца для рыбнай лоўлі, каб навесці парадак у крывавым хаосе, што акружаў нас.

У нашым дзённіку запісана:

«Першай трапіла на кручок і была выцягнута на плыт двухметровая акула. Як толькі мы дасталі кручок, яго праглынула двухзпаловайметровая акула, якую мы таксама выцягнулі на борт. Калі кручок быў зноў закінуты ў ваду, на яго трапіла яшчэ адна двухметровая акула; мы падцягнулі яе на край плыта, але тут яна вызвалілася і нырнула. Кручок адразу ж закінулі зноў, і яго схапіла двухзпаловайметровая акула, з якою ў нас распачалася зацятая барацьба. Мы ўжо выцягнулі яе галаву на бярвенні, як раптам усе чатыры стальныя жылы былі перакушаны, і акула знікла ў глыбіні. Закінулі новы кручок і выцягнулі яшчэ адну акулу. Цяпер, стоячы на коўзкіх бярвеннях кармы, стала небяспечна займацца рыбнай лоўляй, бо тры акулы ўсё яшчэ час-ад-часу ўскідвалі галовы і ляскалі сківіцамі пасля таго, як мы палічылі іх за мёртвых. Мы адцягнулі акул за хвост і злажылі ў кучу на насавой частцы палубы, і неўзабаве пасля гэтага на кручок трапіўся вялікі тунец, які даў нам дыхту больш, чым любая з акул, што даводзілася нам выцягваць. Ён быў такі тлусты і цяжкі, што ніхто з нас не мог падняць яго за хвост.

Акіян усё яшчэ кішэў ашалелымі рыбамі. Яшчэ адна акула схапіла кручок, але вырвалася, калі мы траха ўжо не выцягнулі яе на плыт. Потым мы без асаблівых прыгод выцягнулі двухметровую акулу, за ёю — паўтараметровую. Затым мы злавілі яшчэ адну двухметровую акулу і выцягнулі і яе. Калі кручок быў закінуты зноў, мы выцягнулі яшчэ адну крыху большую акулу».

Куды б мы ні ступалі, усюды натыкаліся на вялікіх акул, якія, сутаргава падскакваючы, малацілі хвастамі па палубе або стукаліся аб бамбукавую каюту. Калі мы пачалі рыбную лоўлю пасля двух начэй шторму, мы ўжо былі стомленыя і змучаныя і цяпер літаральна разгубіліся, не ведаючы, якія акулы ўжо здохлі, якія яшчэ могуць, сутаргава ляскаючы сківіцамі, схапіць нас, калі мы наблізімся, і якія толькі прыкідваюцца мёртвымі, а на справе толькі падпільноўваюць нас. Калі дзевяць вялізных акул завалілі ўсю палубу вакол нас, мы былі так стомлены ад выцягвання лёсак і барацьбы з паміраўшымі акуламі, што пасля пяці гадзін цяжкай працы вырашылі адмовіцца ад далейшай лоўлі.

Назаўтра залатых макрэлей і тунцоў было менш, але акул гэтулькі ж, колькі і напярэдадні. Мы зноў пачалі лавіць і выцягваць іх, але неўзабаве кінулі гэты занятак, бо заўважылі, што свежая кроў акул, сцякаючы з плыта, толькі прыцягвае яшчэ большую колькасць гэтых драпежнікаў. Мы выкінулі ўсіх мёртвых акул за борг і змылі кроў з палубы. Бамбукавыя цыноўкі, як выявілася, былі парваны зубамі і грубай скурай акул; самыя акрываўленыя і самыя падраныя мы выкінулі за борт і замянілі іх новымі залаціста-жоўтымі бамбукавымі цыноўкамі, некалькі пачак якіх было моцна прывязана на пярэдняй частцы палубы.