Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 10

Тор Хейердал

Ведучы далей свае пошукі, я выявіў у культуры, міфалогіі і мове жыхароў Перу вельмі цікавыя факты, якія заахвоцілі мяне яшчэ з большай настойлівасцю заняцца высвятленнем пытання аб тым, адкуль быў родам палінезійскі бог Цікі.

I я знайшоў тое, што шукаў. Аднойчы, седзячы над легендамі інкаў пра сонца-караля Віракоча, які быў вярхоўным уладаром знікшых белых людзей у Перу, я прачытаў:

«Віракоча ён называўся на мове інкаў (кечуа), і, значыць, гэтае імя мае параўнальна нядаўняе паходжанне. Першапачатковае імя бога-сонца Віракоча, якім калісьці, відаць, часцей называлі яго ў Перу, было Кон-Цікі або Іла-Цікі, што азначае Сонца-Цікі або Агонь-Цікі. Кон-Цікі быў вярхоўным жрацом і сонца-каралём «белых людзей» з легенд інкаў, тых людзей, якія пакінулі пасля сябе гіганцкія руіны на берагах возера Ціцікака. Легенда расказвае, што на Кон-Цікі напаў правадыр па імені Кары, які прыйшоў з даліны Какімба. У час бою на адным з астравоў на возеры Ціцікака таямнічыя барадатыя белыя людзі былі перабіты, але сам Кон-Цікі і яго бліжэйшыя паплечнікі выратаваліся і дабраліся да берагоў Ціхага акіяна, адкуль яны потым зніклі, адплыўшы кудысьці на захад за акіян».

Я больш не сумняваўся ў тым, што белы правадыр — бог Сонца-Цікі, выгнаны, паводле расказаў інкаў, іх продкамі з Перу, быў не хто іншы, як белы правадыр — бог Цікі, сын сонца, якога жыхары ўсіх астравоў усходняй часткі Ціхага акіяна называюць прабацькам свайго народа. Шмат якія падрабязнасці з жыцця Сонца-Цікі ў Перу, са старажытнымі назвамі мясцін вакол возера Ціцікака, зноў ажылі ў гістарычных легендах, распаўсюджаных сярод мясцовага насельніцтва ціхаакіянскіх астравоў.

Аднак скрозь і ўсюды ў Палінезіі я знаходзіў пацвярджэнне таго, што міралюбны народ Кон-Цікі не здолеў адзін доўга ўтрымліваць у сваіх руках уладу на астравах. Пацвярджэнне таго, што на звязаных парамі ваенных мараходных суднах — такой жа прыкладна велічыні, як караблі вікінгаў, — паўночна-заходнія індзейцы прыплылі па акіяне на Гавайскія астравы і прабраліся далей на поўдзень, на ўсе іншыя астравы. Яны змяшаліся з народам Кон-Цікі і прынеслі новую цывілізацыю ў астраўное царства. Гэта быў другі народ каменнага веку, народ, які з’явіўся ў Палінезіі прыблізна ў 1100 годзе і які не ведаў ні металу, ні ганчарнай справы, ні колаў, ні верацяна, ні збожжавых культур.