Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 8

Тор Хейердал

Такім чынам, мы дакладна ведаем, што продкі палінезійцаў калісьці, па сваёй ахвоце або ў выніку неабходнасці, прыплылі на гэтыя ізаляваныя астравы на нейкіх суднах па волі ветру або плыні. Больш уважлівае вывучэнне насельніцтва Паўднёвага мора дало ўсе падставы лічыць, што яно з’явілася тут усяго некалькі стагоддзяў таму назад. Хоць палінезійцы насяляюць астравы, раскіданыя па акіяну на плошчы ў чатыры разы большай за ўсю Еўропу, усё ж у іх мове не адбылося істотных змен на розных астравах. Тысячы міль аддзяляюць Гавайскія астравы на поўначы ад Новай Зеландыі на поўдні і астравы Самаа на захадзе ад вострава Пасхі на ўсходзе, аднак жыхары ўсіх гэтых астравоў гавораць на дыялектах адной агульнай мовы, якую мы называем палінезійскай. Пісьменнасці не існавала ні на адным з астравоў, калі не лічыць некалькіх драўляных таблічак з незразумелымі іерогліфамі, якія захавалі жыхары вострава Пасхі, хоць ні яны самі і ні адзін вучоны не маглі прачытаць іх. Але на астравах існавалі школы, і самым важным прадметам, які вывучалі ў іх, былі паэтычныя легенды, паколькі для палінезійцаў гісторыя з’яўлялася адначасова і рэлігіяй. Яны з павагай ставіліся да продкаў і пакланяліся сваім нябожчыкам-правадырам, першым сярод якіх быў Цікі, а пра самога Цікі гаварылі, што ён быў сынам сонца.

Амаль на кожным востраве мужчыны, якія навучаліся ў школе, маглі назваць без запінкі імёны ўсіх сваіх правадыроў, пачынаючы з часу першага засялення вострава. Часта, не давяраючы памяці, яны карысталіся складанай сістэмай вузлоў на пераплеценых вяроўках, як гэта рабілі калісьці індзейцы-інкі ў Перу. Сучасныя даследчыкі запісалі на розных астравах усе мясцовыя радаслоўныя і выявілі, што яны з выключнай дакладнасцю супадаюць як у імёнах, так і ў колькасці пакаленняў. Так было ўстаноўлена, — зыходзячы з разліку змены пакаленняў палінезійцаў у сярэднім кожныя 25 год, — што астравы Паўднёвага мора былі заселены каля 500 года нашай эры. Другая культурная хваля, якой адпавядала новая лінія правадыроў, дасягнула гэтых астравоў прыблізна ў 1 100 годзе, калі з’явіліся новыя, больш познія перасяленцы...

Адкуль так позна маглі яны з’явіцца? Відаць, вельмі мала хто з даследчыкаў браў пад увагу той несумненны факт, што людзі, якія так позна з’явіліся на гэтых астравах, былі людзьмі сапраўднага каменнага веку. Нягледзячы на сваю кемлівасць і на дзіва высокую ва ўсіх іншых адносінах культуру, гэтыя мараплаўцы прывезлі з сабой каменныя сякеры пэўнага тыпу і шмат іншых характэрных для каменнага веку прылад, якія і распаўсюдзілі па ўсіх астравах, дзе яны з’яўляліся. Не трэба забываць аб тым, што, калі не лічыць паасобных ізаляваных плямён, якія жылі ў першабытных лясах, і некаторых адсталых народаў, к 500 ці 1100 году нашай эры нідзе ва ўсім свеце, апрача Амерыкі, не існавала жыццездольных цывілізацый, якія б стаялі на ўзроўні каменнага веку. А ў Амерыцы нават высока развітыя індзейскія цывілізацыі зусім не ведалі жалеза і карысталіся каменнымі сякерамі і прыладамі таго ж самага тыпу, якія былі ва ўжытку на астравах Паўднёвага мора ў час іх адкрыцця.