Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 11

Тор Хейердал

Дык вось, я займаўся раскопкамі ў Брытанскай Калумбіі, шукаў зробленыя ў старажытным палінезійскім стылі малюнкі на камені ў мясцінах, дзе жылі паўночна-заходнія індзейцы. У гэты час немцы ўварваліся ў Нарвегію.

Напра-ва, нале-ва, кру-гом. Мыццё лесвіц у казарме, шараванне да бляску чаравікаў, школа радыёсувязі, парашут і, нарэшце, Мурманскі канвой і плаванне да берагоў Фінмаркена, дзе на працягу ўсёй непрагляднай зімы пры адсутнасці сонца-бога панаваў бог ваеннай тэхнікі.

Настаў мір. I вось прыйшоў дзень, калі я закончыў абгрунтаванне сваёй тэорыі. Я павінен вынесці яе на абмеркаванне спецыялістаў-вучоных. Для гэтага трэба ехаць у Амерыку.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

НАРАДЖЭННЕ ЭКСПЕДЫЦЫІ

Сярод спецыялістаў. — Ніхто не верыць. — У Доме маракоў. — Апошні сродак. — Клуб падарожнікаў. — Новы рыштунак. — Я знаходжу таварыша. — Трыумвірат. — Адзін мастак і два ўдзельнікі Супраціўлення. — У Вашынгтоне. — Нарада ў ваенным міністэрстве. — У інтэнданцкае кіраўніцтва са спіскам пажаданняў. — Фінансавыя праблемы. — Сярод дыпламатаў у ААН. — Мы ляцім у Эквадор.

Дык вось, гэта пачалося ля вогнішча на востраве Паўднёвага мора, дзе сядзеў стары палінезіец і расказваў легенды і гісторыі з жыцця свайго племені. Праз многа гадоў я сядзеў з другім старым, на гэты раз у цёмным кабінеце на адным з апошніх паверхаў вялікага Нью-Йоркскага музея.

Вакол нас у добра аформленых шкляных вітрынах ляжалі гліняныя чарапкі даўно мінулых, але ўжо вывучаных часоў — пуцяводныя ніці ў туманнай старажытнасці. Сцены былі застаўлены таксама і кнігамі. Наўрад ці больш за дзесяць чалавек прачыталі некаторыя з іх. Стары, які прачытаў усе гэтыя кнігі, а шмат якія з іх напісаў сам, сядзеў за пісьмовым сталом — сівы, лагодны стары. Але зараз я, бясспрэчна, балюча пакрыўдзіў яго, таму што ён спалохана ўхапіўся за падлокатнікі свайго крэсла з такім выразам на твары, быццам я зблытаў усе яго карты.

— Не! — сказаў ён. — Ніколі!

Такі выгляд меў бы, напэўна, дзед Мароз, калі б хто-небудзь асмеліўся пры ім сцвярджаць, што ў наступным годзе каляды будуць на купалле.

— Вы памыляецеся, моцна памыляецеся, — паўтараў ён і з абурэннем трос галавой, нібы адмахваючыся ад недарэчнай ідэі.

— Але вы ж яшчэ не прачыталі маіх довадаў, — стаяў я на сваім, з надзеяй паказваючы на рукапіс, што ляжаў на стале.

— Довады! — усклікнуў ён. — Вы не маеце права ставіцца да этнаграфічных праблем, як да дэтэктыўнай тайны!

— А чаму? — спытаў я. — Усе мае вывады грунтуюцца на маіх уласных назіраннях і на фактах, якія апісаны ў навуцы.

— Задача навукі — чыстае і без усякіх прыкрас даследаванне, — спакойна сказаў стары. — А не спроба даказаць тое або іншае.

Ён асцярожна адсунуў неразгорнуты рукапіс убок і схіліўся над сталом.

— Зусім правільна, што Паўднёвая Амерыка была радзімай некаторых самых цікавых старажытных цывілізацый і што мы не ведаем, хто былі гэтыя людзі і куды яны зніклі пасля таго, як да ўлады прыйшлі інкі. Але адно мы ведаем безумоўна — ні адзін з народаў Паўднёвай Амерыкі не перасяліўся на астравы Ціхага акіяна.