Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 12

Тор Хейердал

Ён дапытліва зірнуў на мяне і гаварыў далей:

— I ведаеце чаму? Адказ вельмі просты. Яны не маглі трапіць туды. У іх не было лодак!

— Але ў іх былі плыты, — нерашуча запярэчыў я. — Вы ведаеце, плыты з бальзавага дрэва.

Стары вучоны ўсміхнуўся і спакойна сказаў:

— Ну, паспрабуйце зрабіць падарожжа з Перу да астравоў Ціхага акіяна на плыце з бальзавых дрэў.

Я не знайшоў, што адказаць. Ужо было позна. Мы абодва падняліся. Стары вучоны, развітваючыся, дабрадушна паляпаў мяне па плячы і сказаў, што заўсёды гатовы да маіх паслуг, калі мне спатрэбіцца дапамога. Але ў будучым я павінен спецыялізавацца або на Палінезіі, або на Амерыцы і не блытаць дзве зусім розныя антрапалагічныя вобласці. Ён зноў схіліўся над сталом.

— Вы забылі гэта, — прамовіў ён, падаючы мой рукапіс.

Я кінуў позірк на назву: «Палінезія і Амерыка; даследаванне дагістарычных сувязей». Сунуўшы рукапіс пад паху, я панура паплёўся ўніз па лесвіцы і, апынуўшыся на вуліцы, змяшаўся з натоўпам.

У гэты вечар я падаўся ў адзін з ціхіх завулкаў у Грынвіч Віледж і пастукаўся ў дзверы старога аднапавярховага дома. Я любіў прыходзіць сюды са сваімі маленькімі праблемамі, калі адчуваў, што праз іх пачынаю траціць свой душэўны спакой.

Шчуплы чалавечак з доўгім носам спачатку толькі чуць-чуць прачыніў дзверы, а потым з шырокай усмешкай на твары расчыніў іх насцеж і літаральна ўцягнуў мяне ў дом. Ён прывёў мяне адразу ж на маленькую кухню і тут жа запрог у работу — прымусіў насіць талеркі і відэльцы, а сам тым часам узяўся падвойваць порцыю нейкай вельмі смачнай, мяркуючы па паху, стравы, якая смажылася на газавай пліце.

— Вы цудоўна зрабілі, што зайшлі. Як справы?

— Горш і быць не можа, — адказаў я. — Ніхто не хоча чытаць рукапіс.

Ён разлажыў сваю смажаніну па талерках, і мы пачалі вячэраць.

— Можна падумаць, — сказаў ён, — што ўсе, у каго вы былі, лічаць вашу ідэю недаўгавечнай фантазіяй. Ведаеце, тут, у Амерыцы, часта сутыкаешся з мноствам самых кур’ёзных ідэй.

— Справа не толькі ў гэтым, — сказаў я.

— Вядома, — згадзіўся гаспадар. — I ў вашым падыходзе да пытання. Яны спецыялісты ўсе без выключэння, і яны не вераць у метад работы, які ўрываецца ва ўсе спецыяльнасці — ад батанікі да археалогіі. Яны абмяжоўваюць поле сваёй дзейнасці, каб не распыльвацца і глыбока вывучаць пытанне з усімі падрабязнасцямі. Сучасная навука патрабуе, каб кожная спецыяльнасць рылася ў сваёй уласнай ямцы. Ніхто не прывык займацца разборам і супастаўленнем таго, што здабыта з розных ямак.

Ён падняўся і дастаў тоўсты рукапіс.

— Зірніце, — сказаў ён. — Мая апошняя работа пра малюнкі птушак на вышыўках кітайскіх сялян. Я патраціў на яе сем гадоў. Але яе адразу прынялі да друку. У нашы дні попыт на манаграфіі.

Карл, безумоўна, меў рацыю. Але вырашыць праблемы Ціхага акіяна без усебаковага асвятлення іх мне здавалася такой жа немагчымай справай, як немагчыма разабрацца ў складанай шахматнай пазіцыі, калі ўлічваць рух фігур толькі свайго колеру.

Мы прыбралі са стала, і я пачаў дапамагаць Карлу выціраць памытую пасуду.