Читать «Планета людзей» онлайн - страница 8

Антуан дэ Сент-Экзюперы

— Якраз такія часам трапляюцца і ў Бразіліі, — сказаў ён і пачырванеў яшчэ мацней.

Пэльрэн паляпаў па плячы інспектара, схіленага над легендарнай Атлантыдай…

Нешта накшталт сарамлівасці прымусіла Пэльрэна спытацца:

— Вы цікавіцеся геалогіяй?

— Гэта маё захапленне.

Ва ўсім свеце адны камяні мелі да яго спагаду.

Рабіно паклікалі ў кантору; ён пасумнеў, але набыў сваю звыклую важнасць.

— Я мушу пакінуць вас: месье Рыўер патрабуе, каб я прыйшоў, — нейкая вельмі важная справа.

Калі Рабіно зайшоў у кантору, Рыўер паспеў забыцца пра яго. Ён стаяў у роздуме перад насценнай картай, дзе чырвонай фарбай была нанесена сетка авіяліній. Інспектар чакаў яго загадаў. Пасля доўгіх хвілін маўчання Рыўер, не паварочваючы галавы, запытаўся:

— Што вы думаеце пра гэтую карту, Рабіно?

Вяртаючыся да рэальнасці са свету летуценняў, ён часам прапаноўваў сваім падначаленым такія галаваломкі.

— Гэтая карта, месье дырэктар…

Шчыра кажучы, інспектар нічога пра яе не думаў, але, прыкоўваючы да карты свой позірк, ён напаўняўся адчуваннем, што інспектуе адразу Эўропу і Амерыку. А Рыўер, не звяртаючы на інспектара ніякай увагі, тым часам разважаў далей: «Аблічча гэтай сеткі цудоўнае, але пагрозлівае. Хараство, якое каштавала нам многіх людзей, — маладых людзей. На гэтым абліччы гордая годнасць па-майстэрску выштукаванай рэчы; але колькі яшчэ праблем ставіць яно перад намі!..» Аднак важнейшым за ўсё ў Рыўера заўжды была мэта.

Рабіно па-ранейшаму стаяў побач і таропіўся ў карту: ён пакрысе авалодваў сабою. Ад Рыўера ён не чакаў ніякай спагады.

Неяк ён ужо спрабаваў расчуліць Рыўера — даверліва прызнаўся, як псавала яму жыццё недарэчная нямогласць, але Рыўер толькі пасмяяўся.

— Экзема не дае вам спаць — значыць, яна павышае вашу руплівасць.

У гэтым жарце была вялікая доля праўды. Рыўер сцвярджаў:

— Калі бяссонніца нараджае ў музыканта цудоўныя творы — гэта цудоўная бяссонніца!

Неяк, паказваючы на Леру, ён сказаў:

— Падумайце, які гэта цуд — няўклюднасць: яна адпрэчвае каханне… Магчыма, усяму таму высокаму, што жыло ў Леру, ён быў абавязаны гэтай няўклюднасці, якая звяла яго жыццё да адной толькі працы.

— Вы вельмі блізкія з Пэльрэнам?

— Гм…

— Я не папракаю вас.

Рыўер павярнуўся і, угнуўшы галаву, захадзіў па пакоі дробнымі крокамі; за ім след у след пацягнуўся Рабіно. Сумная ўсмешка кранула вусны дырэктара, сэнс якой Рабіно не зразумеў.

— Толькі… Толькі памятайце, што вы начальнік.

— Так, — адказаў Рабіно.

А Рыўер падумаў, што вось гэтак штоночы ў небе завязваецца вузлік новай драмы. Паслабіцца воля людзей — чакай паражэння, а давядзецца, магчыма, весці нялёгкае змаганне.

— Вы не павінны забываць пра сваю ролю начальніка.

Рыўер быццам узважваў кожнае слова:

— Магчыма, бліжэйшай ноччу вы адправіце гэтага лётчыка ў небяспечны рэйс: ён павінен падпарадкоўвацца вам.

— Так.

— У вашых руках, можна сказаць, жыццё людзей, і гэтыя людзі болей вартыя, чым вы… — Ён запнуўся. — Так, гэта вельмі важна.

Рыўер па-ранейшаму хадзіў нешырокімі крокамі; некалькі секунд ён памаўчаў.