Читать «Планета людзей» онлайн - страница 10

Антуан дэ Сент-Экзюперы

У памяці выплыла музычная фраза: некалькі нот з санаты, якую ён слухаў учора з прыяцелямі. Прыяцелі не зразумелі музыкі: «Такое мастацтва наводзіць дакуку. І на вас таксама, толькі вы не хочаце ў гэтым прызнацца».

— Магчыма, — адказаў ён.

Як і зараз, ён тады адчуў сябе самотным, але адразу ж зразумеў, як узбагачае яго тая самота. Музыка несла яму нейкую вестку — яму аднаму сярод усіх гэтых недалёкіх людзей даверліва раскрывала сваю тайну. Гэтак, як сёння падае яму знак зорка. Цераз галовы столькіх людзей яна размаўляла з ім на мове, зразумелай толькі яму.

На тратуарах Рыўера штурхалі. Ён думаў: «Ці варта раздражняцца? Я — нібы чалавек, у якога хворае дзіця: павольна брыдзе ён у натоўпе і нясе ў душы вялікую моўчу свайго дому».

Рыўер глядзеў на людзей. Ён спрабаваў распазнаць тых, хто клапатліва аберагае ў душы сваё адкрыццё альбо сваю любоў, і думаў пра тое, якія самотныя дазорцы маякоў. Рыўеру прыйшоўся даспадобы спакой канторы. Непаспешліва ішоў ён з пакоя ў пакой, і яго крокі адзінока гучалі ў пустым будынку. Пішучыя машынкі спалі пад футараламі. За замкнёнымі дзверцамі вялікіх шафаў роўнымі радамі выстраіліся канцылярскія папкі. Дзесяць гадоў вопыту і працы! Рыўеру ўявілася, быццам ён ходзіць па каморах банка, навокал грувасцяцца незлічоныя скарбы. Ён думаў, што кожная з яго ведамасцей назапасіла нешта больш каштоўнае, чым золата, — жывую сілу. Хоць яна і заснула, як золата ў банкаўскіх скарбніцах.

У адным з пакояў ён напаткае зараз адзінага тут нядрэмніка — дзяжурнага сакратара. Той працуе, каб прадаўжалася жыццё, каб не спыняліся намаганні чалавечай волі і каб ніколі і нідзе, ад Тулузы да Буэнас-Айрэса, не разрываўся ланцуг.

«І чалавек гэты нават не здагадваецца пра сваю веліч».

Дзесьці вядуць цяпер бітву паштовыя самалёты. Начны палёт цягнецца доўга, як хвароба: каля самалёта трэба дзяжурыць, як ля пасцелі хворага. Трэба памагаць людзям, якія рукамі, каленямі, грудзьмі сустракаюць начную цемру, сутыкаюцца з ёю твар у твар і для якіх не існуе — ва ўсім свеце не існуе нічога, апрача зыбкіх, нябачных стыхій, і сілай сваіх рук, усляпую, павінны яны вырваць сябе з гэтых стыхій, як з марскога прадоння. Як страшна можа прагучаць часам прызнанне: «Каб разгледзець свае рукі, мне прыйшлося іх асвятліць…» У чырвоным святле выступае далікатны аксаміт рук, быццам кінутых у ванначку з праяўляльнікам. Гэта ўсё, што застаецца ад свету, і гэта трэба выратаваць…

…Рыўер зняў трубку і пачуў пошум начнога свету.

— Рыўер слухае.

Слабы шорах, потым голас:

— Злучаю вас з радыёстанцыяй.

Зноў шум, шчоўканне кантактаў; потым іншы голас:

— Гаворыць радыёстанцыя. Перадаём тэлеграмы.

Рыўер запісаў іх, ківаючы галавой:

— Так… Так…

Нічога істотнага. Звычайныя службовыя зводкі. Рыо-дэ-Жанейра прасіў даведку, Мантэвідэо паведамляў пра тэхнічнае абсталяванне. Звычайныя хатнія гукі.

— А самалёты?

— Навальніца. Самалётаў не чуем.

— Ясна.

Рыўер падумаў, што вось тут такая светлая, зорная ноч, а радысты ўжо ўлавілі ў ёй дыханне далёкіх навальніц.

— Да пабачэння.

Рыўер падняўся. Да яго падышоў сакратар: