Читать «Планета людзей» онлайн - страница 7

Антуан дэ Сент-Экзюперы

Рыўер казаў часам:

— Гэтыя людзі шчаслівыя, таму што яны любяць сваю работу, а любяць яны яе таму, што я строгі.

Магчыма, ён і прыносіў ім боль, але ён жа дарыў ім і вялізную радасць. «Трэба прымусіць іх жыць у вечным напружанні, — думаў Рыўер, — жыццём, якое прыносіць і пакуты і радасці; гэта і ёсць сапраўднае жыццё».

Калі машына ўехала на вуліцы горада, Рыўер загадаў падвезці яго ў кантору кампаніі. Застаўшыся сам-насам з Пэльрэнам, Рабіно паглядзеў на лётчыка і загаварыў…

VI

Службоўцы драмалі за сталамі буэнас-айрэскай канторы, калі зайшоў Рыўер. У сваім нязменным паліто, у капелюху, ён, як заўсёды, нагадваў вечнага падарожніка і амаль не прыцягваў да сябе ўвагі — гэтак мала месца ён займаў, невысокі, хударлявы, гэтак пасавалі да любой абстаноўкі яго сівыя валасы, яго безаблічная вопратка. Аднак людзі адчулі раптоўны прыліў шчыравання. Пажвавелі сакратары, загартаў апошнія дакументы загадчык бюро, застукалі пішучыя машынкі.

Тэлефаніст падключыў апарат і пачаў нешта занатоўваць у тоўстую кнігу рэгістрацыі тэлеграм.

Рыўер сеў і пачаў чытаць.

Самалёт, які прыляцеў з Чылі, вытрымаў выпрабаванне: перад Рыўерам праходзілі падзеі ўдалага дня, калі ўсё ладзіцца неяк само сабою, калі данясенні, адно за адным пасыланыя аэрапортамі, пераўтвараюцца ў скупыя зводкі атрыманых перамог. Паштовы з Патагоніі таксама імкліва ішоў наперад; ён нават апярэджваў расклад — вятры гналі з поўдня на поўнач агромністую спадарожную хвалю.

— Дайце метэазводкі.

Кожны аэрапорт хваліўся пагодай, празрыстым небам, пругкім ласкавым ветрыкам. Залацісты вечар ахінуў Амерыку. Рыўер цешыўся гэтаму шчыраванню прыроды. Дзесьці ў нетрах ночы вёў змаганне патагонскі самалёт, але ў яго былі ўсе шанцы на перамогу.

Рыўер адклаў сшытак.

— Добра!

І выйшаў з кабінета глянуць, як працуюць людзі, — начны дазорца, пад чыёй вартай была добрая палова свету…

«У ноч дзяжурства месца інспектара — у канторы», — падумаў Рыўер.

— Знайдзіце Рабіно!

А Рабіно тым часам стараўся заваяваць дружбу пілота. У гатэлі ён распатрашыў перад Пэльрэнам свой чамадан: з нетраў чамадана з'явіліся на свет тыя дробныя рэчы, якія збліжаюць інспектараў з рэштай чалавецтва: некалькі не дужа густоўных сарочак, туалетныя рэчы, здымак хударлявай жанчыны — інспектар прышпіліў яго да сцяны. Гэткім чынам ён пакорліва спавядаўся Пэльрэну ў сваіх патрэбах, у сваіх пяшчотных пачуццях, у сваіх смутках. Раскладваючы перад лётчыкам гэтыя мізэрныя скарбы, ён выстаўляў напаказ сваё ўбоства. Сваю духоўную экзему. Паказваў сваю турму.

Але і ў Рабіно, як і ўва ўсіх людзей, быў у жыцці кволы праменьчык святла. Бясконца пяшчотна ён дастаў з самага дна чамадана невялікую, карпатліва завязаную торбачку. Ён доўга пагладжваў яе далонню, не кажучы ні слова. Потым нарэшце расхіліў рукі:

— Я прывёз гэта з Сахары…

Інспектар нават пачырванеў ад такога смелага прызнання. Яго мучылі непрыемнасці; у яго не склалася сямейнае жыццё; жыццё яго было бязрадаснае, і ён знаходзіў суцяшэнне ў маленькіх чорных каменьчыках, — яны прыадчынялі перад ім дзверы ў свет таямніц.