Читать «Планета людзей» онлайн - страница 6

Антуан дэ Сент-Экзюперы

Рыўер казаў пра яго: «Ён не дужа разумны, таму ад яго шмат карысці». Правілы, устаноўленыя Рыўерам, былі для самога Рыўера вынікам вывучэння людзей; для Рабіно існавала толькі вывучэнне правілаў.

— Рабіно, — сказаў яму неяк Рыўер, — ва ўсіх выпадках, калі самалёт вылятае са спазненнем, вы павінны пазбаўляць віноўных прэміі за дакладнасць.

— Нават тады, калі затрымка ад іх не залежыць? Нават у выпадку туману?

— Нават у выпадку туману.

І Рабіно адчуў своеасаблівую гордасць — мець такога валявога шэфа, які не баіцца быць несправядлівым. У такім разе і на Рабіно таксама падае водбліск велічы гэтай улады, якая не баіцца крыўдзіць людзей.

— Вы далі адпраўленне ў шэсць пятнаццаць, — даводзіў ён потым начальнікам аэрапортаў. — Мы не зможам выплаціць вам прэмію.

— Але, месье Рабіно, у пяць трыццаць і за дзесяць крокаў анічагусенькі нельга было ўбачыць!

— Правілы ёсць правілы.

— Паслухайце, месье Рабіно, не можам жа мы разагнаць туман!

Але Рабіно напускаў на сябе таямнічасць і маўчаў. З усіх гэтых пешак ён адзін разумеў, што, караючы людзей, можна паляпшаць надвор'е.

«Ён увогуле не думае, — казаў пра яго Рыўер, — гэта не дае яму магчымасці думаць памылкова».

Пілот, які нявечыў машыну, пазбаўляўся прэміі за безаварыйныя палёты.

— А калі пілот церпіць аварыю над лесам? — удакладняў Рабіно.

— Не мае значэння, хоць бы і над лесам.

І для Рабіно гэтае ўказанне было законам.

— Я вельмі шкадую, — казаў ён пілотам, упіваючыся ўласнымі словамі, — я нязмерна шкадую, але трэба было пацярпець аварыю ў іншай мясціне.

— Але, месье Рабіно! Гэта ж ад нас не залежыць!

— Правілы ёсць правілы.

«Правілы, — думаў Рыўер, — падобныя да рэлігійных абрадаў: яны здаюцца недарэчнымі, але яны фарміруюць людзей». Рыўеру было ўсё роўна, справядлівы ён у вачах людзей ці несправядлівы. Магчыма, гэтыя словы — «справядлівасць» і «несправядлівасць» — увогуле не мелі для яго ніякага сэнсу. У невялікіх гарадках абывацелі вечарамі таўкуцца на адкрытых танцпляцоўках, і Рыўер думаў: «Што гаварыць пра справядлівасць і несправядлівасць у дачыненні да іх; яны яшчэ не існуюць». Чалавек быў для яго нечапаным воскам, з якога трэба было нешта вылепіць. Трэба было ўдыхнуць душу ў гэтую матэрыю, надзяліць яе воляй. Сваёй суровасцю ён хацеў не парабаціць людзей, а дапамагчы ім пераўзысці саміх сябе. Калі ён караў іх за кожнае спазненне, ён рабіў несправядліва, — але тым самым ён нацэльваў волю людзей, іх думкі на адно: на тое, каб у кожным аэрапорце самалёты выляталі без спазненняў: ён ствараў гэтую волю. Не дазваляючы людзям радавацца слоце як запрашэнню адпачыць, ён прымушаў іх напружана чакаць прасвету ў небе; і кожны — аж да апошняга падсобніка — у душы ўспрымаў гэтае чаканне як нешта прыніжальнае. І яны імкнуліся скарыстаць першую ж шчыліну ў небнай брані: «На поўначы праясняецца! У дарогу!» Дзякуючы Рыўеру на ўсёй лініі ў пятнаццаць тысяч кіламетраў панаваў культ своечасовай дастаўкі пошты.