Читать «Планета людзей» онлайн - страница 9

Антуан дэ Сент-Экзюперы

— Калі яны падпарадкуюцца вам з дружбы — значыць, вы іх ашукваеце. Таму што вы, асабіста вы не маеце права патрабаваць ад людзей ніякіх ахвяр.

— Не маю, вядома…

— Калі ж яны спадзяюцца, што ваша дружба можа збавіць іх ад цяжкай працы, дык зноў жа вы ашукваеце іх: яны абавязкова падпарадкоўваюцца ў любым выпадку. Прысядзьце.

Рыўер мякка падштурхнуў Рабіно да свайго стала.

— Я хачу напомніць вам пра вашы абавязкі, Рабіно. Калі вы стаміліся, дык не ў гэтых людзей вам шукаць падтрымкі. Вы — начальнік. Ваша слабасць — смешная. Пішыце.

— Я…

— Пішыце: «Інспектар Рабіно накладвае на пілота Пэльрэна такое вось спагаанне за такую вось правіну…» Правіну вы знойдзеце самі.

— Месье дырэктар!

— Выконвайце, Рабіно. Дзейнічайце так, быццам вы зразумелі… Любіце падначаленых. Але не кажыце ім пра гэта.

З гэтага часу Рабіно будзе яшчэ з большым запалам патрабаваць, каб на ўтулках не было ржы.

Адзін з аэрадромаў лініі паведаміў па радыё: «Бачым самалёт». Лётчык падае сігнал: «Нешта з маторам. Іду на пасадку».

Значыць, будзе страчана паўгадзіны. Рыўер узлаваўся; гэтак бывае пры неспядзяванай супынцы хуткага цягніка ў дарозе, калі хвіліны пачынаюць бегчы ўлегцы, напуста, ужо не аддаючы сваёй долі адоленай прасторы. Вялікая стрэлка насценнага гадзінніка адлічвала цяпер мёртвую прастору… А колькі падзей магло б умясціцца ў гэты ростул цыркуля!

Каб ашукаць нудлівае чаканне, Рыўер выйшаў з пакоя, і ноч здалася яму пустой, як тэатр без акцёраў. «Марнуецца гэткая ноч!» Ён раздражнёна глядзеў на чыстае неба, аздобленае зоркамі, на гэтыя боскія сігнальныя агні, на поўню — глядзеў, як напуста растрачваецца золата ночы.

Але як толькі самалёт падняўся ў паветра, ноч зноў зрабілася для Рыўера хвалююча цудоўнай. Яна несла ў сваім улонні жыццё. Пра гэтае жыццё і турбаваўся Рыўер.

— Запытайцеся ў экіпажа, якое ў іх надвор'е.

Мінула дзесяць секунд:

— Раскошнае.

Потым пайшлі назвы гарадоў, над якімі пралятаў самалёт, і для Рыўера гэта былі крэпасці, узятыя з бою.

VIII

Рыўер выйшаў на вуліцу. Яму хацелася трошкі пахадзіць, заглушыць тую трывогу, якая зноў завалодвала ім. Ён, чыё жыццё заўжды было прысвечана толькі дзеянню, прасякнутаму драматызмам, ён са здзіўленнем адчуў, што гэтая драма саступае месца нейкай іншай, яго асабістай драме. Ён падумаў, што жыццё абывацеляў у маленькіх мястэчках, на першы погляд такое ціхае, засяроджанае вакол танцпляцовак, — часам таксама тоіць у сабе цяжкія драмы: хваробу, каханне, смерць і, магчыма… Свая хвароба шмат чаму яго навучыла. «Быццам расчыніліся нейкія новыя вокны», — падумаў ён.

Пазней, гадзін у адзінаццаць вечара, адчуўшы сябе лепей, Рыўер пайшоў назад, у кантору. Няспешна прабіраўся сярод людзей, якія тоўпіліся ля ўвахода ў кінатэатры. Ён падняў вочы да зорак, якія зіхацелі над вузкай вуліцай, амаль непрыкметныя пры агнях рэкламы, і падумаў: «Сёння ў палёце два паштовыя. Сёння вечарам я адказваю за ўсё неба. Далёкая зорка падае мне знак, яна шукае мяне ў натоўпе — яна знайшла мяне: вось чаму я адчуваю сябе нейкім чужым, самотным».