Читать «Планета людзей» онлайн - страница 5

Антуан дэ Сент-Экзюперы

Пэльрэн, ледзь не просячы прабачэння, пачаў тлумачыць: «Шлях назад аказаўся адрэзаны. У мяне не было выбару». Да таго ж ён нічога не бачыў: снег сляпіў вочы. Але выратавалі шалёныя плыні паветра — яны ўскінулі самалёт на вышыню сямі тысяч метраў. «Увесь час, пакуль я перавальваў цераз горы, я змушаны быў ляцець упоравень з вяршынямі». Ён сказаў таксама, што варта б перамясціць паветразаборнік гіраскопа, бо яго забівае снегам: «Разумееце, наледзь закупорвае яго».

Потым новыя паветраныя токі закруцілі Пэльрэна, збілі вышыню да трох тысяч метраў — і як ён толькі не натыкнуўся на скалы!.. Раптам выявілася, што ён ляціць ужо над раўнінай. «Гляджу, а вакол самалёта — чыстае неба!» І Пэльрэн прызнаўся, што ў той момант у яго было такое ўражанне, быццам ён вырваўся з пячоры…

— У Медсоне — таксама бура?

— Не. Калі я сеў, неба было зусім чыстае і ніякага ветру. Але бура ішла за мной па пятах.

Ён апісаў яе, гэту буру, таму што, сказаў ён, «як-ніяк», усё гэта было даволі дзіўна. «Вяршыня буры гублялася дзесьці высока, сярод снегавых хмар, аснова ж кацілася па даліне, як чорная лава. Яна паглынала горад за горадам. Зроду не бачыў нічога такога…» І Пэльрэн змоўк, запалонены нейкім успамінам.

Рыўер павярнуўся да інспектара.

— Гэта цыклон з Ціхага акіяна: нас папярэдзілі занадта позна Зрэшты, такія цыклоны ніколі не перавальваюць цераз Анды.

Хто мог прадбачыць, што гэты раз цыклон прарвецца на ўсход.

Інспектар, які нічога не кеміў у такіх рэчах, згадзіўся з Рыўерам.

Быццам збіраючыся нешта сказаць, інспектар павярнуўся да Пэльрэна; пад скурай у інспектара захадзіў кадык. Але ён прамаўчаў і, нібы перадумаўшы, зноў з меланхалічнай годнасцю стаў глядзець перад сабой.

Сваю меланхолію інспектар вазіў з сабой, як багаж. Ён прыехаў у Аргенціну напярэдадні, выкліканы Рыўерам для выканання даволі неакрэсленых абавязкаў, і не ведаў, куды падзець свае вялікія рукі і сваю інспектарскую паважнасць. Ён не меў права ні на захапленне, ні на фантазію, ні на дасціпнасць, на яго пасадзе яго павінна было прыводзіць у захапленне толькі адно: пунктуальнасць. Ён не меў права ўзяць чарку ў сяброўскай кампаніі, не меў права звярнуцца на «ты» да саслужыўца ці дазволіць сабе жарт, — хіба што здарыцца немагчымае, і лёс пашле яму ў якім-небудзь аэрапорце сустрэчу з іншым інспектарам.

«Цяжка быць суддзёй», — думаў ён.

Па праўдзе кажучы, суду ён не вяршыў — ён толькі пахітваў галавой. Сутыкнуўшыся з нечым, чаго ён не разумеў (а не разумеў ён анічога), ён павольна пахітваў галавой. Гэта прыводзіла ў замяшанне тых, у каго было нячыстае сумленне, і спрыяла добраму догляду абсталявання. Яго ніхто не любіў: інспектар створаны не для любоўных уцех, а для складання рапартаў. Ён адмовіўся ад думкі прапаноўваць у рапартах нейкія новыя метады ці тэхнічныя ўдасканаленні — адмовіўся з таго часу, як Рыўер напісаў: «Інспектара Рабіно просяць падаваць не паэмы, а рапарты. Задача інспектара Рабіно — выкарыстоўваць свае веды для таго, каб стымуляваць службовую рупнасць персаналу». З таго часу чалавечыя слабасці зрабіліся яго хлебам надзённым. Ён цікаваў за механікам, які любіў выпіць, і за начальнікам аэрадрома, які з'явіўся на работу пасля вясёлай ночы, і за пілотам, які няўмела пасадзіў самалёт.