Читать «Забаставаў» онлайн - страница 38

Джэк Лондан

— Табе добра! — запытаўся сын.

І дзядуля адказаў:

— Але, добра.

— Каля цябе дровы, — гаварыў малады мужчына. — I агонь ярка шугае. Раніца хмурая, і мароз спадае. Зараз пойдзе сьнег. Сьнег ужо ідзе.

— Але, сьнег ужо ідзе.

— Нашы сьпяшаюцца. Рэчы цяжкія, а жываты падцягнула ад голаду. Дарога вялікая, і яны едуць скора. Я іду. Добра?

— Ідзі. Я, як апошні асеньні ліст, які ледзь трымаецца на сьцябле. Пры першым подыху ветру я адпаду. Мой голас падобны на голас старой жанчыны. Мае вочы не паказваюць больш дарогі маім нагам, ногі мае цяжкія, і я змарыўся. Ідзі!

Ён апусьціў галаву і прыслухоўваўся, пакуль чуваць было, як рыпеў сьнег. Калі ўсё сьцішылася, тады ён зразумеў, што сын яго болей не пачуе. Сьпяшаючыся, працягнуў ён рукі да дроў. Яны адны адмяжоўвалі яго ад сьмерці. Цяпер меркаю яго жыцьця стала вязка дроў. Адно палена за адным трэба было аддаваць агню, і кожнае зьнікшае палена азначала набліжэньне сьмерці. Калі астатні кавалак палена аддасьць яму сваё пяпло, мароз пачне мацнець, спачатку эамерзнуць ногі, потым рукі і нарзшце ўсё цела. Галава схіліцца на калені, і ён памрэ. Гэта лёгкая сьмерць. Усе людзі павінны памерці.

Ён ня скардзіўся. Такі шлях жыцьця, і шлях гэты правільны. Ён радзіўся на зямлі, пражыў жыцьцё, і закон ня быў для яго новым. Гэта быў закон для ўсяго жывога. Прырода ня лічыцца з асобнымі стварэньнямі. Яна клапоціцца толькі аб родзе. Так думаў Коскуш, бо так, па яго нагляданьнях, было ў жыцьці. Вясною дрэва напаўняецца сокам, распускаюцца зялёныя пупышкі, а ўвосень адпадаюць жоўтыя лісты, — у гэтым усё выказана. Прырода вызначыла кожнаму стварэньню пэўны абавязак. Калі абавязак выкананы — стварэньне памірае. Прырода не зважае ні на што. Многа ёсьць людзей, пакорлівых закону, але жыве і не памірае толькі пакорлівасьць. Племя Коскуша было вельмі старажыным. Як быў малым, Коскуш ведаў даўнейшых дзядоў, і яны ўспаміналі сваіх дзядоў і прадзедаў. Значыцца, праўда, што племя жыве, падначальваючыся закону ўсіх сваіх членаў, што жылі ў мінулым і параскіданы ў розных магілах. Асобныя людзі — нічога; яны прыходзяць і зьнікаюць, як хмаркі на летнім небе. Ён таксама — толькі хмарка на небе, і яму пара зьнікнуць. Што за клопат прыродзе аб ім, старым дзядулі. Жывыя павінны былі выканаць свой абавязак і падначаліцца закону. Абавязак гэты — працяг роду, а закон — сьмерць. На здаровую, дужую дзяўчыну люба глянуць: шагі яе лёгкія і вочы блішчаць. Потым, калі ў яе зьявяцца дзеці, прыгожасьць памалу прападае. Ногі цягнуцца па зямлі, вочы мутнеюць і адны толькі маленькія дзеці ахвотна гладзяць маршчыністыя шчокі свае старой маткі. Яе абавязак выкананы. А потым, як толькі прыходзіць голад, ці ад’яжджаюць у вялікую дарогу — яе пакідаюць, як пакінулі яго, у сьнягу, з невялікаю вязкаю дроў. Такі закон.