Читать «Забаставаў» онлайн - страница 36

Джэк Лондан

— Так, страшэнны боль, — перапыніў яго Б: м, — бо ён драпаў сам сябе і скакаў па сьнегу, як дурасьлівае сабачаня, але па яго рыканьні і енку можна было зразумець, што гэта зусім ня гульня, а што яму вельмі баліць. Ніколі я нічога падобнага ня бачыў. Праз накаторы час мядзьведзь аслаб і змарыўся, бо ён быў вельмі цяжкі і вельмі доўга падскакваў; потым ён пашоў уздоўж берагу, павольна матаючы галавой і іншы раз прысядаючы і равучы. А Кіш ішоў усьлед за мядзьведзем, а мы за Кішам, і гэта цягнулася ўвесь дзень і яшчэ тры дні. Мядзьведзь зусім аслаб і не пакідаў стагнаць ад болю.

— Гэта чары! — закрычаў Углук. — Гэта напэўна чары.

— Ня ведаю, — адказаў Бім. — Я гавару толькі тое, што бачылі мае вочы.

Баўн зноў замяніў Біма:

— Мядзьведзь ішоў то ў адзін бок, то ў другі, — гаварыў ён, — то ішоў па сваіх уласных сьлядох, то рабіў вялікія кругі і, нарэшце, зноў прышоў да таго, самага месца, дзе Кіш у першы раз убачыў яго. К гэтаму часу ён так ужо аслаб, што ня мог далей паўзьці, і Кіш падышоў да яго і закалоў на-сьмерць.

— А потым што было? — запытаўся Клош-Кван.

— А потым ён пачаў злупліваць скуру, а мы пабеглі сюды, каб расказаць вам.

Слава Кіша

Праз цэлы дзень жанчыны цягалі мяса мядзьведзя, у той час, як мужчыны раіліся на сходзе, што рабіць.

Калі Кіш вярнуўся, за ім паслалі, каб ён прышоў на сход. Але ў адказ ён заявіў, што вельмі галодны і замарыўся, і што яго інгу даволі добрая і ў ёй можа зьмясьціцца шмат людзей.

Эскімосы так зацікавіліся, што ўсе, на чале з Клош-Кванам, усталі і рушылі ў інгу Кіша.

Ён у гэты час еў, але прыняў людзей з гонарам і пасадзіў як належыць сталаму чалавеку. Айкіга адчувала то ганарлівасьць, то сарамяжлівасьць, але Кіш быў зусім спакойны.

Клош-Кван спачатку расказваў яму, якія весткі прынесьлі Бім і Баўн, а потым строга сказаў:

— Дык вось, Кіш, мы хочам, каб ты расказаў нам пра свае спосабы паляваньня. Ёсьць у гэтым чары, ці не?

Кіш паглядзеў на яго і ўсьміхнуўся.

— Не, Клош-Кван, ніякіх чараў я ня ведаю. Але я прыдумаў лёгкі спосаб забіваць мядзьведзяў, — вось і ўсё. Гэта ня чары, а кемлівасьць.

— І кожны чалавек можа гэта зрабіць?

— Кожны чалавек.

Настала доўгае маўчаньне. Усе яны глядзелі адзін на аднаго, а Кіш даядаў свон абед.

— І… і ты… скажы нам, Кіш? — запытаў, нарэшце, дрыжачым голасам Клош-Кван.

— Так, я скажу табе. — Кіш перастаў абгрызаць тлустую костку і ўстаў. — Гэта вельмі проста. Глядзі.

Ён узяў у руку тонкую палоску кітовага вуса і паказаў яе ўсім. Канцы вуса былі гострыя, як іголкі.

Гэту палоску ён сагнуў кружочкам і моцна сьціснуў у руцэ. Калі ён раптам раскамячыў кулак, палоска адразу выпрасталася. Потым ён узяў кавалак кітовага мяса.

— Вось так, — сказаў ён, — спачатку я бяру маленькі камяк мяса і выразаю ў ім дзірку. У гэту дзірку кладу сагнутую палоску кітавага вуса і зьверху закрываю яшчэ кавалкам мяса. Потым гэта кладу ў сьнег і ўсё зьмярзаецца ў адзін круглы маленькі шарык, мядзьведзь глытае гэты шарык, тлустасьць расстае, палоска кітовага вуса з гострымі канцамі выпростваецца, і ад гэтага мядзьведзь становіцца хворым, а калі мядзьведзь саслабее, я забіваю яго пігаю. Гэта вельмі проста.