Читать «Забаставаў» онлайн - страница 3

Джэк Лондан

— Худаваты, — сказаў кіраўнік, усьміхаючыся.

— Як саломінка, — пачуўся адказ. — Зірнеце на яго ногі. У хлопчыка рахіт. У яго, як відаць з усяго, можа быць падучая хвароба альбо сухоты.

Джоні слухаў, але нічога не разумеў. Яго ані ня цікавіла тое, што некалі з ім будзе. Джоні баяўся, што інспэктар можа натварыць для яго бяды.

— Слухай, хлопчык, толькі мне хацелася-б, каб ты адказаў праўду, — крыкнуў інспэктар, блізка нагінаючыся да вуха хлопчыка. — Колькі табе гадоў.

— Чатырнаццаць, — зманіў Джоні.

— Па выгляду яму ня менш шаснаццаці, — заўважыў кіраўнік фабрыкі.

— Або шэсьцьдзесят, — паправіў інспэктар.

Яны пашлі далей, а Джоні вярнуўся да сваіх шпулек, рады, што бяда мінулася. Але аднаногі хлопчык быў не такі шчасьлівы. Ад дасьціпных вачэй інспэктара нікуды не схаваешся. Губы беднага хлопчыка дрыжалі, а твар пакрывіўся так, нібы ў чалавека, на якога раптам навалілася вялікая непераможная бяда. Наглядчык зьдзівіўся, нібы ўпяршыню ўбачыў хлопчыка; кіраўнік таксама застаўся гэтым вельмі нездаволены.

— Я ведаю яго, — сказаў інспэктар. — Яму дванаццаць гадоў. Я прагнаў яго з трох фабрык за год. Гэта ўжо чацьвертая.

Ён загаварыў да аднаногага хлопчыка:

— Ты даў мне слова, што будзеш хадзіць у школу.

Хлопчык-калека расплакаўся.

— Зьмілуйцеся, пане інспэктар, у нас памерла двое дзяцей і мы вельмі бедныя.

— А чаму ты гэтак кашляеш, — запытаўся ў яго інспэктар, нібы вінавацячы яго за якія ўчынкі.

I хлопчык-калека, як-бы стараючыся давесьці, што ён невінаваты, адказваў:

— Гэта так сабе. Я прамёрз на мінулым тыдні, пане інспэктар, вось і ўсё.

Нарэшце аднаногі хлопчык усе-ж вышаў з фабрыкі разам з інспэктарам і затурбаваным кіраўніком. Пасьля гэтага зноў пачалася аднастайная работа. Мінула доўгая раніца і яшчэ больш доўгі час пасьля абеду, і сьвісток прасьвістаў аб сканчэньні работы. Змрок ужо агарнуў зямлю, калі Джоні ішоў з фабрыкі.

На вячэру зьбіралася ўся сям’я, — гэта была пара, калі Джоні адзін раз на дзень сустракаўся з сваімі малодшымі братамі і сёстрамі. Ён ня мог цярпець іх шумнай вясёлай маладосьці. Яго дзіцячыя гады засталіся далёка ў мінулым. Ён быў падобны на сярдзітага дзеда, якому страшна дакучалі жарты моладзі. Кончыўшы вячэраць, Джоні адсунуў крэсла і ўстаў. З хвіліну ён думаў, куды яму пайсьці: спаць ці на двор, і, нарэшце, вышаў на двор. Ён сеў на ніжняй прыступцы ганку, высунуў калені, выцягнуў наперад свае вузкія плечы, паставіў локці на калені і падпёр бараду рукамі.

Седзячы так, ён нічога ня думаў. Ён проста адпачываў. Яго браты і сёстры вышлі ўсьлед за ім і разам з іншымі дзяцьмі шумна гулялі недалёка ад яго. Яны ведалі, што Джоні сярдзіты і сумны, і, каб падражніцца з ім, падбягалі да яго і жартаўліва сьпявалі розныя песенькі.

Яго брат Уіль, якому нядаўна мінула дзесяць год, быў павадыром гэтай шумлівай грамады. Спачатку Джоні кляў іх, а потым парашыў, што ня варта аддаваць гэтаму ўвагі і супакоіўся. Джоні было крыўдна, што Уіль, заместа пашаны да яго, як да старэншага, адважваўся жартаваць з яго. У тыя гады, калі Джоні цікавілі яшчэ цацкі і забавы, большую частку вольнага часу ён мусіў траціць на догляд за маленькім Уілем. Іх маці, як і цяпер, працавала на фабрыцы і ня бывала дома цэлы дзень, і Джоні прыходзілася замяняць яму і матку і бацьку. Клопаты Джоні, як відаць, пашлі на карысьць брату. Уіль быў дужы, такога-ж росту, як яго старэйшы брат, і нават таўсьцейшы за яго. Такія-ж розьніца была ў іх і па натурах. Джоні выглядаў прыніжаным, заняволеным, а ў яго меншага брата так і рваліся з нутра сьвежыя маладыя сілы.