Читать «Забаставаў» онлайн - страница 2

Джэк Лондан

Ён заняў сваё месца ў адным з доўгіх радоў за машынамі. Перад ім, над ларам, які быў напакаваны маленькімі шпулькамі, борзда вярцеліся вялікія шпулі. На іх ён наматваў джутавыя ніткі з маленькіх шпулек. Работа была простая. Усё, што ад яго патрабавалася — гэта хуткасьць. Маленькія шпулькі зматваліся так скора, і там было так многа вялікіх шпуляў, якія наматваліся, што ня было ні мінуты вольнага часу.

Ён працаваў як машына. Калі маленькая шпулька зматвалася, ён леваю рукою спыняў вялікую шпулю і спрытна лавіў канец ніткі, а праваю рукою хапаў вольны канец ніткі з другой маленькай шпулькі. Як маланка мільгацелі яго пальцы, калі ён зьвязваў ніткі вузлом і пускаў вялікую шпулю. Вузлы вязаць — была самая трудная работа.

Некаторыя хлопчыкі хітравалі, і ў іх машыны часта доўга стаялі, бо яны не зьмянялі зматаных шпулек новымі. Каб сачыць за такімі хлопчыкамі, меўся наглядчык. Ён злавіў аднаго разу суседа Джоні і накруціў яму вушы.

— Паглядзі на Джоні, чаму ты ня робіш так, як ён? — запытаўся ўзлаваны наглядчык.

Джоні гэтая хвальба зусім не закранула. Ён ведаў, што быў шчырым работнікам. Яму так часта казалі гэта. І з шчырага работніка ён ператварыўся ў шчырую машьту. Калі работа выходзіла з яго рук кепскаю, гэта здаралася па тэй-жа прычыне, што і ў машыны, — быў сапсуты матэрыял. Для яго гэтак-жа нельга было памыліцца, як для цьвікавай машыны, калі яна дагледжана, нельга выкінуць няправільна зроблены цьвік.

І ў гэтым ня было нічога дзіўнага. Ён пастаянна, праз ўсё сваё жыцьцё, меў справу з машынамі. Машыны былі для яго траха што роднымі, ён вырас і выгадаваўся пры іх. Дванаццаць год таму назад нагэтай самай фабрыцы, у ткацкай, адбылося адно здарэньне, якое крыху занепакоіла рабочых. Матцы Джоні зрабілася нядобра. Яе палажылі на падлогу сярод шумлівых машын. Прымусілі двух пажылых кабет пакінуць свае варштаты і падысьці да яе. Тут-жа быў і наглядчык. Праз некалькі хвілін у ткацкай прыбавілася адно стварэньне.

Гэта быў Джоні, які нарадзіўся пад стук і грукат ткацкіх машын, і ўжо з першай хвіліны свайго жыцьця ўдыхаў у сябе цёплае вільготнае папетра, напоўненае пылам і кавалкамі кудзелі. Ён зараз-жа пачаў кашляць, стараючыся ачысьціць свае лёгкія ад пылу, таму ён і кашляў з таго часу.

Хлопчык, што працаваў поплеч з Джоні, усхліпваў і моцна соп. На тварыку яго сьвяцілася крыўда і злосьць на наглядчыка, які ня спускаў з яго злога вока, але затое шпулі наматваліся акуратна. Хлопчык як мог праклінаў гэтыя агорклыя для яго шпулькі.

У адзінаццаць гадзін усе раптам заварушыліся.

Аднаногі хлопчык, што працаваў насупраць Джоні, скора скокнуў у пустую каляску для шпулек. Ён зьнік у калясцы разам з мыліцаю. Увашоў кіраўнік фабрыкі, а з ім добра адзеты малады чалавек. Гэта быў «інспэктар».

Ён праходзіў каля хлопчыкаў, пільна ўглядаўся на іх і часамі спыняўся ды аб чым-небудзь пытаўся. Пры запытаньнях ён павінен быў крычаць з усяе сілы, пры гэтым твар яго сьмешна моршчыўся ад таго, што інспэктар стараўся, каб яго пачулі. Ён спыніўся каля Джоні, акінуў яго вокам і хапіў за руку ды адцягнуў ад машыны, але зараз-жа са зьдзіўленьнем выпусьціў яго руку.