Читать «Забаставаў» онлайн - страница 6

Джэк Лондан

Да канца другога году працы Джоні вырабляў ужо больш, чым самы лепшы з ткачоў, і ўдвая больш, чым звычайны работнік. Аднак, і гэтага заработку не хапала на пражытак. Дзеці вырасьлі і хадзілі ўжо ў школу, а падручнікі каштавалі многа грошаў. Апрача таго, чым скарэй ён працаваў, тым скарэй расьлі цэны на ўсё. Нават плата за кватэру павялічылася, хоць дом разбураўся без рамонту.

Джоні крыху падрос і цяпер здаваўся яшчэ худзейшым, чым раней. Ён стаў таксама больш неспакойным. Ад нэрвовасьці ў яго павялічылася задумённасьць і нястрымнасьць. Дзеці цяпер з горкай практыкі ведалі, як нявыгодна з ім сварыцца і дражніцца.

Для Джоні ня было радасьці ў жыцьці. Ён ніколі ня бачыў, як міналі дні. Ён быў рабочай жывёлай.

Аднаго разу вясною Джоні вярнуўся ўвечары з работы. Ён быў як ніколі змораны і слабы. Ён ваўчком сеў за стол і пачаў моўчкі есьці тое, што было пастаўлена. Дзеці затое былі надзіва вясёлымі, яны з ахвотаю елі, аблізваючы губы, але Джоні нібы і ня бачыў гэтага.

— Ці ведаеш ты, што ясі? — запыталася, нарэшце, у яго пакрыўджаная матка.

Джоні ляніва зірнуў на страву, што стаяла перад ім, а потым на матку.

— «Плывучы востраў», — сьпяшалася заявіць маці.

— «Плывучы востраў!» — хорам падхапілі дзеці.

— О, — сказаў Джоні. — І потым, праглынуўшы два-тры кавалкі, дадаў: — Мне нешта сёньня ня хочацца есьці. Ён палажыў ложку, адсунуў табарэтку і ледзь устаў з-за стала.

— Я думаю, што мне лепш за ўсё пайсьці спаць.

I ледзь цягнучы за сабою ногі, Джоні пашоў да пасьцелі. Разьдзявацца для яго было вельмі цяжкай, страшэннай пакутай, і ён нават заплакаў, калі кінуўся на пасьцель абуты. Ён адчуваў у руках вялікі цяжар. Паясьніца страшэнна ныла. Усе косьці нылі. I ў галаве замутнела, затрашчала, застукала, загуло мільёнамі варштатаў. На другі дзень Джоні не пашоў на фабрыку. Маці яго вышла на работу, як і звычайна, але раней патурбавалася паслаць па доктара. Доктар сказаў, што Джоні сур’ёзна захварэў на грып.

Гэта была вельмі цяжкая форма хваробы, і Джоні толькі праз тыдзень пачаў уставаць з пасьцелі і хадзіць па хаце. Загадчык ткацкай прышоў да яго ў першы-ж дзень пасьля таго, як Джоні пачаў ачуньваць.

— Гэта лепшы ткач, — сказаў загадчык яго матцы. — Яго месца застаецца незакранутым. Ён можа вярнуцца на работу праз тыдзень у панядзелак.

— Чаму-ж не падзякуеш, Джоні? — затурбавалася маці.

— Ён так моцна хварэў і яшчэ ня зусім ачуняў, — старалася яна апраўдаць Джоні псрад загадчыкам.

Джоні сядзеў сагнуўшыся і ўпарта глядзеў уніз. Ён доўга так сядзеў і пасьля таго, як пашоў загадчык. Іншы раз губы яго шавяліліся. Здавалася, ён быў заняты нейкім вылічэньнем.

На другі дзень Джоні вышаў на ганак, як толькі прыпякло сонца, і сеў на ўсходках. У яго была папера і аловак. Ён штосьці лічыў і гэта вылічэньне было для яго нялёгкім.

— Што ідзе пасьля мільёнаў? — запытаўся ён у паўдня, калі Уіль вярнуўся са школы. — І як гэта атрымаць?

Пад вечар Джоні скончыў сваю задачу. І потым кожны дзень, але ўжо без паперы і алоўка, ён выходзіў і садзіўся на ганку.