Читать «Стамбульскі экспрэс» онлайн - страница 7

Грэм Грын

У праходзе паявіліся афіцыянты — яны разносілі суп. Майет ізноў сунуў руку ў кішэню і надкусіў разынку — на гэты раз Стэйна, дробненькую і сухую, але, трэба прызнаць, танную. Бясконцая і непазбежная вайна паміж колькасцю і якасцю вялася ў яго свядомасці і не прыводзіла ні да якога пэўнага выніку. У адным ён, зрэшты, быў упэўнены, пакуль знаходзіўся ў сваім лонданскім кабінеце, дзе сустракаўся толькі з прадстаўнікамі Стэйна і чуў голас Стэйна толькі па міжгароднім тэлефоне, хутчэй прывід яго голасу, з інтанацый якога ён не мог дакладна высветліць яго сапраўднае становішча, — Стэйн быў на вяршыні недасягальных скал. Але ж якіх скал? Усярэдзіне акіяна ці каля ўзбярэжжа? Ці пацярпеў ён поўны крах, ці проста абмежаваны ў сродках? Было б прасцей, калі б прадстаўніка фірмы «Майет, Майет і Пейдж» у Канстанцінопалі, бясцэннага містэра Экмана, не падазравалі ў тайных зносінах з Стэйнам — ён балансаваў на грані закона.

Майет апусціў лыжку ў нясмачны суп-жульен. Яму болей былі даспадобы стравы тлустыя, з рознымі спецыямі, вострыя і спажыўныя. За вокнамі ў цемрадзі нічога не было відаць, толькі зрэдку мільгалі агеньчыкі невялікіх станцый ці палыхаў рэзкім святлом тунель. Пастаянна ў шыбе акна ён бачыў толькі цьмянае адлюстраванне свайго твару і рук, якое, нібыта дзівосная рыба, плавала ў зіхатлівай і вадзе і багавінні. Яго крыху бянтэжылі гэтыя прывіды, і ён збіраўся ўжо апусціць фіранку, калі заўважыў за адбіткам свайго твару аблічча таго самага чалавека ў пацёртым плашчы, які нядаўна заглядваў у яго купэ. Вопратка мужчыны, пазбаўленая колеру і трываласці тканіна, усё яшчэ захоўвала адбітак элегантнасці, уласцівай старамодным гарнітурам: пад расхрыстаным плашчом быў бачны высокі накрухмалены каўнер, зашпілены на ўсе гузікі пінжак. Мужчына цярпліва чакаў, пакуль яму прынясуць абед, таму Майет дазволіў сабе трошкі адпачыць ад мудрагелістых хітрыкаў Стэйна і містэра Экмана, аднак перш чым афіцыянт дайшоў да незнаёмага, той заснуў. На імгненне яго твар знік, калі агні станцыі ператварылі сцены вагона з люстраў у звычайныя вокны, праз якія быў бачны натоўп правінцыялаў з дзецьмі, скрынкамі і скруткамі, якія чакалі прыходу мясцовага цягніка. З вяртаннем цемры за акном твар мужчыны, які апусціўся ў сон, узнік ізноў.

Майет забыўся пра яго, заказваючы паўсухое бургундскае — «Шамбертэн 1923 года», каб запіць цяляціну, хоць і разумеў, што купляць добрае віно ў цягніку — марная трата грошай, бо ніякі букет не вытрымліваў бесперапыннай трасяніны. Па ўсім вагоне быў чуцен жаласлівы звон і бразганне шкла, калі экспрэс на поўнай хуткасці імчаў у Кёльн. Смакуючы першы келіх віна, Майет ізноў вярнуўся ў думках да Стэйна — поўны безнадзейнага адчаю ці мудрагелістых хітрыкаў, той чакаў прыезду Майета ў Канстанцінопалі. Ён зможа прадаць усе свае акцыі за неблагую цану — Майет у гэтым быў упэўнены, — аднак пайшлі чуткі, што ў барацьбу ўблытаўся яшчэ адзін пакупнік. Якраз тут і ўзнікла падазрэнне, што містэр Экман вядзе двайную гульню, імкнучыся ўзняць цану насуперак інтарэсам сваёй фірмы — за гэта, як меркавалі, Стайн абяцаў яму выплаціць пятнаццаць працэнтаў камісійных. Містэр Экман паведамляў, што Моўлт прапануе Стэйну фантастычную цану за яго акцыі і за перадачу правоў на фірму, але Майет яму не верыў. Неяк ён снедаў з маладым Моўлтам і пад час размовы, нібыта выпадкова, згадаў прозвішча Стэйна. Моўлт не жыд, у яго няма тонкасці, ён не знае навукі выкрутасаў і хітрыкаў: калі ён захоча зманіць, ён гаворыць няпраўду, але мана яго абмежаваная словамі — яму невядома, як неспрактыкаваная рука можа лёгка выдаць няпраўду гэтых слоў. Калі ён меў справу з ангельцамі, Майет карыстаўся адным трукам: пачынаючы гаворку на важную тэму, ён звычайна частаваў субяседніка цыгарай — калі чалавек гаварыў няпраўду, то, які б хуткі ні быў адказ, рука яго заўсёды на імгненне затрымаецца. Майет добра запомніў, што сказаў пра яго некалі Джэнтыль: «Мне не падабаецца гэты жыд. Ён ніколі не глядзіць табе ў вочы». «Вы, дурні, — радаваўся ён сам сабе, — у мяне на вас назапашаны яшчэ не такія трукі». Цяпер ён, зрэшты, быў перакананы, што Моўлт гаварыў праўду, няпраўду казаў Стэйн ці містэр Экман.