Читать «Стамбульскі экспрэс» онлайн - страница 8

Грэм Грын

Ён наліў сабе яшчэ келіх віна. «Дзіўна, — падумаў ён, — што якраз я, падарожнічаючы з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну, адпачываю, а не містэр Экман, у якога ўжо закончаны працоўны дзень — ён зараз зачыняе пісьмовы стол, бярэ з вешалкі брыль, спускаедца па лесвіцы, звыкла пакусваючы вострымі зубамі кончык тэлеграмы, атрыманай ад фірмы: «Містэр Карлтан Майет прыбывае Стамбул чатырнаццатага. Арганізуйце сустрэчу Стэйнам». У цягніку, як бы хутка ён ні імчаў, пасажыры мусяць адпачываць, паміж шклянымі сценамі дарэмна марна траціць эмоцыі, можна спакойна займацца разумовай дзейнасцю, не баючыся, што цябе перапыняць. Свецкае жыццё б'е зараз Экмана і Стэйна з усіх бакоў: прыходзяць тэлеграмы, розныя людзі перабіваюць плынь іх думак размовамі, жанчыны наладжваюць абеды і вечарынкі. Але ў імклівым экспрэсе, які грукоча і бразгае, шум такі роўны, упарадкаваны, што ён эквівалентны цішыні, рух такі працяглы і бесперапынны, што спакваля розум пачынае ўспрымаць яго як абсалютную нерухомасць. Толькі за вокнамі цягніка было магчыма актыўнае дзеянне, а цягнік забяспечвае яму спакойны роздум над планамі на гэтыя тры дні, а ў канцы гэтага тэрміну яму будзе зусім ясна, як павоцзіць сябе са Стэйнам і з містэрам Экманам.

Пакончыўшы з марожаным і дэсертам, аплаціўшы рахунак, ён затрымаўся каля стала, каб запаліць цыгару, і апынуўся твар у твар з незнаёмым. Ён ізноў убачыў, як той засынае паміж першай і другой стравамі — паміж недаедзенай цяляцінай аu Таlleyrаnd і пудзінгам з марожаным, які толькі што падалі яму на стол, — хутчэй за ўсё, у яго быў поўны ўпадак сілы.

Пад пільным позіркам Майета незнаёмы раптоўна прачнуўся.

— Ну, што тут такое? — спытаў ён.