Читать «Стамбульскі экспрэс» онлайн

Грэм Грын

Грэм Грын

Стамбульскі экспрэс

Мн.: Маст. літ., 1993. 335 с., л. партр. Пераклад з англійскай мовы Вадзіма Небышынца. Тыраж 3100 экз.

Стамбульскі экспрэс

Вівьен Кэндэйс ад шчырага сэрца

Усё ў прыродзе — лірычнае па ідэальнай задуме,

трагічнае па лёсе і камічнае ў рэальным увасабленні.

Джордж Сантаяна

Частка першая

Остэндэ

1

Памочнік капітана трымаў у руцэ апошні пасадачны білет і назіраў, як пасажыры перасякалі змрочны, мокры прычал, пераходзячы цераз безліч чыгуначных пуцей і стрэлак, абгінаючы кінутыя багажныя цялежкі. Яны цягнуліся, наставіўшы каўняры паліто і ўнурыўшы галовы ў плечы. У доўгіх спальных вагонах на століках ужо запалілі лямпы, якія свяціліся праз дажджавую заслону чарадой блакітных пацерак. Страла гіганцкага пад'ёмнага крана скранулася з месца, паплыла і апусцілася, і жалезны скрыгат лябёдкі на нейкае імгненне заглушыў шум вады — вады, якая лілася з агорнутага хмарамі неба, вады, якая білася аб прычал і плёскалася ўздоўж бартоў парома. Была палова пятай папоўдні.

— Божухна, ну і вясенні дзянёк! — уголас вымавіў памочнік капітана, імкнучыся як найхутчэй пазбавіцца непрыемных уражанняў, назапашаных за апошнія некалькі гадзін марскога падарожжа цераз Ла-Манш, — прамоклай палубы, пахаў пары і нафты, затхлага смуроду нясвежага піва ў бары, шамацення чорнага шоўку сцюардэс, што сноўдалі туды-сюды з алавянымі падносамі. Ён зірнуў уверх на сталёвыя фермы пад'ёмнага крана, на платформу і на маленькую фігурку ў сінім камбінезоне, якая круціла рулявое кола, і адчуў нязвыклую зайздрасць: там, наверсе, кранаўшчык быў аддзелены трыццаццю футамі смугі і дажджу ад памочніка капітана, ад пасажыраў, ад доўгага, залітага святлом экспрэса. «Мне няма куды дзецца ад гэтых абрыдлых фізіяномій», — падумаў памочнік капітана, згадаўшы маладога жыда ў цяжкім футры, які ўвесь час скардзіўся, што яму дасталася каюта на дваіх — не мог ужо вытрываць якіх-небудзь там дзвюх гадзін!

— Вам не туды, міс, — папярэдзіў ён апошнюю пасажырку другога класа. — Зала мытні вунь там.

Настрой у яго крыху палепшыўся, калі ён убачыў ветлівы твар юнай незнаёмай — хоць яна ні на што не скардзілася.

— Вам трэба насільшчык, міс, паднесці ваш сакваяж.

— Не, нічога, — адказала яна. — Дый не разумею я іхняй мовы. А сакваяж у мяне зусім не цяжкі. — Вусны ў яе расквітнелі ўсмешкай над узнятым каўнерыкам таннага белага плашчыка. — Вось калі б вы дапамаглі мне… капітан.

Яе нахабства пазабавіла яго.

— Калі б я быў крыху маладзейшы, вядома, вам бы не спатрэбіўся зараз ніякі насільшчык. Не разумею, куды гэта толькі глядзяць сённяшнія маладыя людзі! — ён кіўнуў галавой на маладога жыда ў чорных замшавых чаравіках, які выходзіў з мытні, а за ім цягнуліся два нагружаныя багажом насільшчыкі.

— Вам далёка?

— Да самага канца, — адказала яна, кінуўшы журботны позірк на рэйкі, на кучу багажу, на асветленыя вокны вагона-рэстарана і цёмныя абрысы экспрэса.

— У вас спальнае месца?

— Не.

— Вам трэба было абавязкова ўзяць месца ў спальным вагоне, — сказаў ён, — калі вы едзеце да канца. Тры ночы ў дарозе. Гэта не жарты. А што вы збіраецеся рабіць у Канстанцінопалі, калі не сакрэт? Выйсці замуж?