Читать «Стамбульскі экспрэс» онлайн - страница 5

Грэм Грын

— Ну, цяпер ужо хутка паедзем.

Паветра ў купэ было напоўнена пылам і вільгаццю. Мігаценне святла звонку нагадала ёй на імгненне штосьці знаёмае і звыклае: электрычныя агні рэкламы, што загараліся і змяняліся над уваходам у тэатр на Хай-стрыт у Нотынгеме. Мітусня натоўпу на пероне, беганіна хлапчукоў-газетчыкаў і і насільшчыкаў нагадалі ёй «гусіны кірмаш», і яна засяродзілася на ўспаміне пра рынак, намагаючыся ўзнавіць яго цагляныя будынкі, драўляныя лаўкі ў дэталях, каб ён стаў такім самым рэальным, як і сцюдзёная, абмытая дажджом прыстань і зменлівыя агні святлафораў. З утульнага свету фантазіі ў рэчаіснасць яе вярнуў мужчына, які загаварыў з ёй, і дзяўчына мусіла надзець на сябе маску зычлівасці і весялосці.

— Ну, міс, у нас наперадзе доўгае падарожжа разам. Давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Пітэрс, а гэта мая жонка Эймі.

— Мяне завуць Корал Маскер.

— Купі мне сандвіч, — папрасіла хударлявая жанчына. — Я такая галодная, што чую, як мае кішкі граюць марш.

— Можа, вы гэта зробіце, міс? Я не ведаю французскай мовы.

«Чаму вы думаеце, што я яе ведаю? — яна амаль не крыкнула яму ў адказ. — Я ніколі не была за межамі Ангельшчыны». Але яна прызвычаілася заўсёды браць на сябе адказнасць, калі б і ў якой бы форме яна на яе ні звальвалася, таму яна не выказала ўголас ніякага пратэсту, адчыніла дзверы і пабегла б па слізкай цёмнай дарозе паміж рэйкамі, шукаючы таго, чаго ён хацеў, калі б не глянула на гадзіннік.

— Не паспею, — сказала яна. — Да адыходу цягніка засталася толькі адна хвіліна.

Вяртаючыся назад у купэ, яна азірнулася і ўбачыла ў канцы калідора твар і постаць чалавека, — у яе перахапіла дых ад страснага жадання кінуцца да яго: яна нагадала апошні мазок пудрай па носе, сказанае спехам «дабранач» швейцару — і хутчэй на двор, у зіхатлівую цемру, дзе яе чакаў малады жыд, каробка шакаладу, аўтамабіль за рагом вуліцы, хуткая язда і таемная небяспечная блізкасць цел. Аднак гэта быў не той, каго яна ведала, і ў думках яна зноў вярнулася да тых непажаданых, жахлівых прыгод у варожым свеце, дзе ніякая старанна ўзважаная ласка не зможа абараніць ад непазбежнай цемры нязведанага. Нацыянальнасць мужчыны, рэзкія характэрныя рысы яго твару і футра ўвялі яе ў зман.

«Адыход затрымліваецца», — падумаў Майет, выходзячы ў калідор. Ён намацаў у кішэні камізэлькі скрыначку разынак. Яна была падзелена на чатыры секцыі, і яго пальцы наўздагад выбралі адну разыначку. Паклаўшы ягаду ў рот, ён ацаніў яе на смак. Якасць яе была не лепшая. Гэта прадукцыя «Стэйн і компані». У іх ягады з цягам часу робяцца дробнымі і сухімі. У іх разынкі дробныя і сухія.

У канцы калідора нейкая дзяўчына ў белым плашчы павярнулася і ўважліва зірнула на яго. «Неблагая фігурка, — падумаў ён. — Недзе, здаецца, яе бачыў». Ён узяў яшчэ адну разынку і, не гледзячы, сунуў яе ў рот. На гэты раз трапіла ягада яго асабістай фірмы. «Майет, Майет і Пейдж». Трымаючы ягаду пад языком, ён на імгненне пачуваў сябе ўладаром свету, вяршыцелем лёсу. «Вось гэта — мая, і яна — выдатная», — зазначыў ён. Уздоўж калідора бразнулі дзверы купэ, прагучаў гудок паравоза.