Читать «Стамбульскі экспрэс» онлайн - страница 185

Грэм Грын

— Я звяртаюся да вас, мае дарагія сябры, ад яго імя, — і ён абняў Кэры за плечы, а потым лёгенька падштурхнуў яе да трапу, які вёў уніз да яе каюты. Кэры ўскрыкнула, як параненае птушаня, і знікла.

— Што здарылася? — спытаў Гом.

— Відаць, нешта ўспомніла.

Я ведаў, што яна прыгадала, але не сказаў яму.

Ён працягнуў мне поўны келіх:

— Я не буду болей прымушаць вас піць цэлую ноч навылёт, але тое-сёе хачу вам яшчэ сказаць. У мяне будзе новы памочнік бухгалтара.

— Вы маеце на ўвазе... Вы робіце мне папярэджанне...

— Цяпер, калі ў вас ёсць жонка, вам спатрэбіцца болей грошай. Я стаўлю Арнольда на чале фірмы «Джэнерал Энтэрпрайсіс». Замест яго галоўным бухгалтарам нашай фірмы прызначаю вас.

Калі я праходзіў міма каюты Кэры, я пацікавіўся, ці зачыніла яна дзверы на ключ. Дзверы былі адчыненыя. Кэры сядзела на ложку, падцягнуўшы калені да падбароддзя, і глядзела пільна ў ілюмінатар. Загулі рухавікі, і мы пачалі выходзіць з гавані ў адкрытае мора.

— Ты яму ўсё сказаў? — спытала яна.

— Не.

— Ты ж абяцаў, — сказала яна. — Я не магу плыць у Італію на гэтай яхце, калі ён нічога не ведае.

— Я абавязаны яму ўсім, — сказаў я. — Гэта ён параіў, як мне вярнуць цябе назад.

— Тым болей ты абавязаны расказаць яму пра ўсё.

— Няма чаго расказваць. Ты думаеш, што пасля ўсяго таго, што ён зрабіў мне, я буду яго зводзіць з Бліксанам?

— А як жа акцыі?

— Калі я пайшоў у казіно шукаць Філіпа, я забраў грошы, якія пакінуў Другому. Наш заклад быў скасаваны. Другі разбагацеў на пятнаццаць мільёнаў, а Філіпу засталіся апошнія пяць мільёнаў, калі ён не паспеў іх ужо прайграць. Мы вярнуліся на тое самае месца, адкуль пачалі свой шлях.

— Мы ніколі туды не вернемся.

— Ніколі?

— Я кахаю цябе намнога мацней. Бо я жахліва подла паводзіла сябе ў адносінах да цябе і ледзь цябе не страціла.

Доўга мы амаль што не гаварылі: на цесным ложку не хапала месца ні для чаго, апроч нашых цел, але недзе ўжо на світанку, калі трохі развіднела, я разбудзіў яе і расказаў пра прапанову Гома.

— Багатымі мы не будзем, — паспяшаўся я запэўніць яе, баючыся страціць яе зноў, — але ў наступным годзе мы зможам сабе дазволіць паехаць у Борнмут...

— Не, — сказала яна сонным голасам. — Давай лепей паедзем у Ле Туке. Там ёсць казіно. Але не карыстайся болей сваёй сістэмай.

Гэта было адзінае абяцанне, пра якое я зусім забыўся. Я падняўся і выцягнуў з кішэні сваю выдатную сістэму, парваў яе на кавалачкі і выкінуў праз ілюмінатар — вецер падхапіў белыя шматкі паперы, падобныя на вялікія камякі снегу.

Заўвагі

1

Жыд, жыд (фр.).

2

Вось бачыце (фр.).

3

Лонданскую «Таймс». Што такое? Няма нічога? «Матэн» і «Дэйлі Мейл». Добра. Дзякуй (фр.).

4

Колькі каштуе? Тры франкі. Ну і ну! (фр.).

5

«Жыццё» (фр.).

6

Першая змена, першая змена (фр.).

7

Па-талейранску (фр.).

8

Вуліца ў Лондане.

9

Марка дарагога аўтамабіля кампаніі «Ролс-ройс».

10

Карэнны жыхар Лондана.

11

Універсальная крама ў Лондане, дзе гандлююць таннымі таварамі.

12

Рубі М. Эйрэс (1883–1962) — папулярная ў 20-я гады ангельская пісьменніца, аўтар бульварных раманаў.