Читать «Стамбульскі экспрэс» онлайн - страница 184

Грэм Грын

Яна сказала яму такім тонам, да якога ў апошнія некалькі тыдняў я ўжо прызвычаіўся:

— Добра. Бяры гэтыя фішкі. Адпраўляйся ў сваё праклятае казіно. Ні пра што ты ўсё адно не мог думаць.

У яго хапіла такту акурат на тое, каб не схапіць жэтоны адразу:

— Убачымся праз паўгадзіны, сherіе.

Я сказаў:

— Абяцаю вам, што сам прывяду яе ў казіно. У мяне засталіся там невялікія справы.

Калі ён быў ужо каля самага выхаду, я аклікнуў яго:

— Вы згубілі адзін жэтон!

Філіп вярнуўся і пачаў шукаць яго пад сталом. Убачыўшы твар Кэры, я ледзьве не пашкадаваў за сваю перамогу. Стрымліваючы слёзы, яна сказала:

— Табе надта добра ўдалося паказаць яго сапраўднае нутро. Ты зараз адчуваеш сябе пераможцам. А пра мяне ты падумаў?

— Пойдзем на борт яхты на адну ноч. У цябе будзе асобная каюта. Мы зможам сысці на бераг у Генуі заўтра.

— Па-мойму, ты спадзяешся, што я змяніла сваё рашэнне.

— Так, спадзяюся. Вялікай надзеі не маю, але ж гэта ўсё-такі лепей, чым адчай. Як ты не разумееш, што я цябе кахаю.

— Ты абяцаеш ніколі болей не іграць на рулетцы?

— Абяцаю.

Яна нахіліла галаву, каб я не мог бачыць яе твару, і сядзела моўчкі. Я выкарыстаў усе аргументы: мне таксама не было чаго сказаць. Ноч была поўная цішыні, якую парушала бразганне кубкаў і журчанне вады. Нарэшце яна сказала:

— Чаго мы чакаем?

Мы забралі свае чамаданы, а потым пайшлі пешкі ў казіно. Яна была адмовілася заходзіць усярэдзіну, але я сказаў:

— Я абяцаў прывесці цябе.

Я пакінуў яе ў холе, а сам пайшоў на «кухню» — яго там не было. Потым я пайшоў у бар, а потым, нарэшце, зазірнуў і ў Sаllе Рrіveе. Ён быў там, упершыню гуляючы пяцісотфранкавымі фішкамі. А.Н.Другі сядзеў за тым самым сталом. Ён сядзеў у сваім крэсле на калёсіках, і пальцы ў яго рухаліся, як мышы. Я схіліўся над яго плячом і паведаміў яму навіны, але ён не выказаў ніякай цікаўнасці, бо шарык скакаў вакол кола рулеткі. Нарэшце шарык спыніўся на адзнацы «Нуль», я падышоў да Філіпа, а круп'е збіраў у гэты час усе іхнія стаўкі.

Я сказаў Філіпу:

— Кэры тут. Я стрымаў сваё абяцанне.

— Папрасіце яе, каб яна сюды не заходзіла. Мне сёння шанцуе, за выключэннем апошняга тура. Я не хачу, каб мяне турбавалі.

— Яна ўжо ніколі вас не патурбуе.

2

У той вечар Гом паводзіў сябе як гасцінны гаспадар. Ён так старанна рабіў выгляд, нібыта нічога не ведае пра нашу сварку, што мы самі патроху пачалі забывацца на яе. Перад вячэрай мы пілі кактэйлі, за вячэраю — шампанскае, і я заўважыў, што Кэры не зусім упэўнена вымаўляе словы. Яна рана пайшла спаць, бо хацела пакінуць мяне сам-насам з гаспадаром. Мы з Гомам выйшлі на палубу, каб пажадаць ёй «дабранач». Гом сказаў:

— Заўтра вечарам вы, магчыма, мяне і пераканаеце, што Расін самы лепшы паэт, але я хачу пачытаць вам Бадлера.

Ён абапёрся на парэнчы і пачаў чытаць на памяць сваім нізкім голасам, а мне дужа захацелася даведацца, да каго ў мінулым ужо звяртаўся аднойчы з гэтымі пранікнёнымі радкамі стары мудры чалавек з неабмежаванымі амбіцыямі.

Ён павярнуўся да нас і сказаў: