Читать «Стамбульскі экспрэс» онлайн - страница 183

Грэм Грын

— Сёння мы зможам дазволіць сабе гульню да пяцісот франкаў, — сказаў ён. — Гэта значыць пяць стофранкавых ставак.

Калі я падышоў, ён усё яшчэ сядзеў з алоўкам і паперай. Яшчэ ад самых дзвярэй я павітаўся з Кэры:

— Прывітанне. — І яна азірнулася. Кэры ледзьве была не ўсміхнулася мне звыкла — я ўбачыў гэтую ўсмешку ў яе вачах, але яна раптам апусціла іх долу, як хлапчук апускае долу свайго паветранага змея, хаваючы яго ад ветру.

— Філіп, гэта... — мой муж.

Ён узняў вочы ўгору:

— А, добры вечар, — і пачаў нервова барабаніць па стале кончыкам алоўка.

— Спадзяюся, што вы добра даглядаеце за маёй жонкай.

— Гэта зусім не ваша справа.

— Ёсць некаторыя рэчы, якія вы павінны ведаць, каб зрабіць яе шчаслівай. Яна не пераносіць пенкі на гарачым малацэ. Бачыце, яе сподак завалены кавалачкамі паперы. Вы павінны забраць іх, перш чым наліваць ёй каву. Яна ненавідзіць нягучныя, але рэзкія гукі — напрыклад, храбусценне падсмажанага хлеба ці гэтай булачкі, якую вы зараз перажоўваеце.

— Я хацеў бы, каб вы пайшлі адгэтуль, — сказаў малады чалавек.

— Я палічыў бы за лепшае пагаварыць са сваёй жонкай сам-насам.

— А я не хачу заставацца з табою, — сказала Кэры.

— Вы чулі, што яна сказала. Калі ласка, ідзіце адсюль.

Мяне здзівіла, як дакладна Друтэр прадказаў наш дыялог. У мяне з'явілася надзея.

— Прашу прабачэння. Я буду настойваць на сваім.

— Вы не маеце права...

Кэры сказала:

— Калі ты не пакінеш нас, мы абое пойдзем адгэтуль. Філіп, заплаці па рахунку.

— Сherіе, я хачу да канца прадумаць сваю сістэму.

— Ведаеце, што я зраблю? — сказаў я. — Я значна старэйшы за вас, але я выклікаю вас на бойку. Калі я перамагу вас, я пагавару з Кэры сам-насам. Калі вы будзеце пераможцам, я пайду і ніколі болей вас не патурбую.

— Прапаную іншае выйсце. Я вам заплачу за паўгадзіны размовы з ёю.

— Як ты пасмеў такое прапанаваць? — сказала Кэры.

Я засунуў руку ў кішэню і выцягнуў прыгаршчу жоўтых і чырвоных фішак — пяцісотфранкавых і тысячафранкавых — і раскідаў іх па стале паміж кубкамі кавы. Ён не мог адарваць ад іх вачэй. Яны прымусілі яго забыцца на сваю сістэму. Я сказаў:

— Я аддаў бы перавагу бойцы. Гэта ўсе мае грошы, што засталіся.

Ён утаропіўся ў фішкі.

— Я не хацеў бы ўсчынаць сварку, — нарэшце вымавіў ён. — Сherіе, ён просіць нейкія паўгадзіны. Зрэшты, ён мае на гэта права. Ёсць жа ў вас пэўныя рэчы, якія вы павінны абмеркаваць паміж сабой, а з гэтымі фішкамі я змагу сапраўды апрабаваць сваю сістэму.