Читать «Прысуд» онлайн - страница 21
Франц Кафка
Нібы маленькі прывід, выплыла дзіця з цёмнага-цёмнага калідора, у якім яшчэ не запальвалі лямпачку, і, выплыўшы, яно застыла на дыбачках, пасярэдзіне вузкай масніцы, якая непрыкметна гайдалася. Адразу аслепленае прыцемкам пакоя, дзіця хацела хуценька схаваць твар у далонях, ды нечакана супакоілася, зірнуўшы ў акно, перад крыжам якога ўрэшце легла прыціснутая паўзмрокам смужлівая свецень вулічных ліхтароў. Перад адчыненымі дзвярыма дзіця, памагаючы сабе правым локцем, выпрасталася ўздоўж сцяны, упусціўшы звонку ў пакой паветра, што прайшло па суставах яго ног, вакол шыі і скроняў.
Я паглядзеў у той бок і сказаў: «Добры дзень»; потым узяў пінжак, які вісеў каля печы, бо мне не хацелася быць паўголым. Нейкую хвіліну я не закрываў рота, каб праз яго з мяне выйшла ўсхваляванасць. У роце ў мяне было неяк дрэнна, на маім твары ўздрыгвалі вейкі — карацей, мне не хапала толькі яшчэ гэтага — чаканага, зрэшты,— прыходу.
Дзіця ўсё стаяла на тым самым месцы каля сцяны, прыціснуўшы да яе правую руку; і, ружовашчокае, яно ніяк не магло наталіцца з таго, што тынк на сцяне быў грубы і ўцінаўся яму ў пальцы. Я сказаў:
— Вы праўда хочаце сюды? Гэта не памылка? Няма нічога лягчэйшага, як памыліцца ў гэтым вялікім доме. Мяне завуць Так-і-так, жыву я на чацвёртым паверсе. Ці я сапраўды той, да каго Вы хацелі прыйсці?
— Ціха! Ціха! — ускрыкнула дзіця, павярнуўшы голаў да мяне.— Усё, вядома, так, як трэба.
— Тады праходзьце ў пакой: я б хацеў зачыніць дзверы.
— Дзверы я толькі што зачыніў. Не турбуйцеся. Увогуле... супакойцеся.
— Пры чым тут турботы? Але ж на гэтым калідоры жыве шмат народу; усе, натуральна, мае знаёмыя, шмат хто якраз вяртаецца са службы; калі яны пачуюць, што ў нейкім пакоі гамоняць, яны палічаць, што ім дазволена адчыніць дзверы і паглядзець, што тут робіцца. Ад гэтага нікуды не падзенешся. За плячыма ў гэтых людзей рабочы дзень, і яны не ўпадабаюць ніякіх замахаў на сваю часовую вячэрнюю свабоду! Зрэшты, Вы гэта ведаеце таксама. Дазвольце, я зачыню дзверы.
— Ну і што з таго? Чаго Вы напалохаліся? Што да мяне, дык няхай прыходзіць хоць увесь дом. I да таго ж: было ўжо сказана, што дзверы я зачыніў. Вы што — думаеце, толькі Вы ўмееце зачыняць дзверы? Я іх нават на ключ замкнуў.
— Тады добра. Болей мне нічога і не трэба. На ключ, можа, і не варта было... Уладкоўвайцеся, раз Вы ўжо тут. Вы — мой госць. Можаце цалкам мне давярацца. Смялей. Будзьце як дома. Хочаце — заставайцеся тут, хочаце — ідзіце сабе: я ані не збіраюся Вас прымушаць. Дый ці трэба мне казаць пра гэта? Хіба Вы мяне так дрэнна ведаеце?
— Ды не. Вам сапраўды не трэба было казаць пра гэта. Вы нават не павінны былі казаць... Я ж дзіця, нашто столькі валтузні каля мяне?
— Ну, гэта й не так кепска. Вядома ж, дзіця... Але ж Вы не такое ўжо і малое. Вы зусім дарослы. Каб Вы былі дзяўчынаю, Вам не варта было б вось так проста зачыняцца ў адным пакоі са мной.