Читать «Прысуд» онлайн - страница 23

Франц Кафка

— Калі Вы не баіцеся самога прывіду, Вы маглі б спакойна спытацца ў яго, чаму ён прыйшоў.

— Вы, бачу, ніколі яшчэ не гаварылі з прывідамі. Ад іх нічога па-сапраўднаму нельга даведацца. Гэта — адна марная мітусня. Часам у гэтых прывідаў бывае больш сумненняў наконт свайго існавання, чымся ў нас; гэта й не дзіва, бо яны такія кволыя.

— А я чуў, нібыта іх можна выкарміць.

— А Вы добра дасведчаныя ў гэтым. Можна, вядома. Але ж хто будзе гэтым займацца?

— Чаму? Калі, прыкладам, гэты прывід жаночага полу? — адказаў ён і перайшоў на прыступку вышэй.

— Ну, калі так,— сказаў я.— Але нават тады ён не падыдзе для гэтага...

Я задумаўся. Мой знаёмы стаяў між тым ужо так высока, што, каб бачыць мяне, мусіў нагінацца пад пралётам лесвіцы.

— I ўсё ж,— сказаў я яму,— калі Вы прагоніце адтуль, зверху, мой прывід, між намі ўсё будзе скончана, назаўсёды.

— Ды не, я пажартаваў,— сказаў ён і зноў выпрастаўся.

— Вось гэта добра,— прамовіў я і мог нарэшце ісці гуляць са спакойнаю душой.

Але яе, маю душу, апанавала самота; з гэтае прычыны я зноў падняўся ў свой пакой і лёг спаць.

1910

АСОБНА ВЫДАДЗЕНЫЯ АПАВЯДАННІ

ПРЫСУД

Ахвярую Ф.

Гэта было перад палуднем, найпрыгажэйшай веснавой парою. Георг Бэндэман, малады камерсант, сядзеў у сваім уласным пакоі на другім паверсе аднаго з тых нізкіх, легка збудаваных дамоў, што цягнуліся доўгім шэрагам уздоўжкі ракі, адрозніваючыся паміж сабою практычна толькі вышынёю і колерам. Ён якраз скончыў пісаць ліст да аднаго сябра маладосці, які цяпер знаходзіўся за мяжою, павольна, як бы гуляючы, склаў яго і пасля гэтага, абапіраючыся локцямі аб пісьмовы стол, стаў глядзець праз акно на раку, на мост і ўзгоркі на другім беразе, акрытыя слабай зелянінаю.

Ён думаў пра тое, як гэты сябар, незадаволены сваёй кар’ераю дома, ужо колькі год таму літаральна ўцёк у Расію. Цяпер ён займаўся прадпрымальніцтвам у Пецярбурзе, вёў фірму, якая напачатку мела шматабяцальныя вынікі, але ўжо досыць доўгі час, здавалася, мела цяжкасці, як сябар скардзіўся ў час сваіх прыездаў, якія рабіліся ўсё радзейшымі і радзейшымі. Гэтак вось ён без усялякай карысці аддаваў свае сілы на працу на чужыне, яго барада, зробленая паводле чужой моды, дрэнна закрывала добра вядомы яму з маленства твар, жоўты колер якога, відаць, сведчыў пра развіццё нейкай хваробы. У яго не было, як ён сам казаў, ніякіх сапраўдных кантактаў з тамтэйшаю калоніяй землякоў, а таксама амаль ніякіх цывільных кантактаў з мясцовымі сем’ямі — і гэтак вось ён рыхтаваўся канчаткова застацца старым кавалерам.

Што ж тут можна было пісаць чалавеку, які відавочна замкнуўся ў сабе, якога мажліва было пашкадаваць, але якому не было магчымасці дапамагчы. Можа, варта было параіць яму вярнуцца дадому, перанесці сюды сваё існаванне, узнавіць усе старыя сяброўскія повязі — гэтаму не было ніякай перашкоды — і ў астатнім даверыць сябе дапамозе сяброў? Але ж гэта не сведчыла ні пра што іншае, акрамя як, калі б яму адначасова — чым асцярожней, тым больш абразліва — сказалі, што ўсе ягоныя ранейшыя спробы не ўдаліся, што ён, урэшце, павінен перастаць іх рабіць, што трэба вярнуцца назаўсёды,— няхай бы там усе з яго і здзіўляліся, вылупіўшы вочы; што толькі яго сябры ў нечым разбіраліся, а ён ёсць старое дзіця, якое проста павінна слухаць сяброў, што засталіся дома і мелі поспех. А ці была хоць нейкая пэўнасць, што ўсе гэтыя пакуты, якія былі б яму прычыненыя, прывялі да жаданай мэты? Можа, увогуле не ўдасца вярнуць яго дадому — сам жа казаў, што ўжо не разумее, што да чаго на Бацькаўшчыне,— тады ён, нягледзячы ні на што, застанецца на сваёй чужыне, зацяўшыся ад атрыманых парад і зрабіўшыся яшчэ чужэйшым сваім сябрам. Калі б ён напраўду паслухаўся тых парад і раптам бы пацярпеў тут няўдачу, вядома ж, без чыёй-небудзь віны, а праз збег акалічнасцей, калі б ён пачаў сябе кепска адчуваць паміж сяброў, гэтак і без іх, калі б ён адчуў сорам і ў яго цяпер сапраўды не было б ні радзімы, ні сяброў, ці не было б нашмат лепш для яго, каб ён застаўся на чужыне — там, дзе ён быў цяпер? Хіба мажліва было ў гэткіх варунках думаць пра тое, што яму ў сапраўднасці тут пашэнціць болей?