Читать «Прысуд» онлайн - страница 19
Франц Кафка
Тады я спытаўся ў сябе: як гэта адбываецца, што яна не дзівіцца сама сабе, што ў яе закрыты рот і яна нічога падобнага не кажа?
СУКЕНКІ
Часцяком, калі бачу я сукенкі з рознымі зборкамі, фальбонкамі і падвескамі, сукенкі, што прыгожа кладуцца на зграбнае цела,— тады думаецца мне, што яны недаўгавечныя; хутка яны памнуцца, і гладкімі іх ужо ніяк не зробіш; што ў аздобныя зборкі тоўстым слоем наб'ецца пыл, які немагчыма будзе выскрабці, і што нікому не захочацца быць такім сумным і смешным, каб штодня з раніцы ўсцягваць на сябе, а ўвечары знімаць адну і тую ж дарагую сукенку.
Але я ўсё бачу дзяўчат, прыгожых, прывабных сваімі формамі і гладкаю скурай, гушчынёю тонкіх валасоў,— тых, што дзень пры дні выходзяць на людзі, схаваныя пад гэтай сапраўднай маскіроўкаю, адзін і той жа твар аддаюць у тыя самыя далоні, дазваляючы яму адбівацца ў іхнім люстэрку.
I толькі зрэдзьчас, позна ўвечары, вярнуўшыся з чарговага балю, яны заўважаюць яго ў люстэрку — паабношаным, нядобра набрынялым, усімі разгледжаным — гэткім, які мець болей амаль немажліва.
АДХІЛЕННЕ ЗАЛЯЦАННЯ
Калі я сустракаю прыгожую дзяўчыну і прашу яе: «Зрабі мне такую ласку — хадзі са мною»,— а яна моўчкі праходзіць міма, дык гэтым яна дае мне зразумець:
«Ты не князь з вядомым імем і не плячысты амерыканец з індзейскаю постаццю са спакойным роўным паглядам, скураю, выгладжанай паветрам мурожных пляцовак і рэк, што іх амываюць; ты не выпраўляўся ў падарожжы да вялікіх мораў, якіх не ведаю, дзе трэба шукаць, і па гэтых морах. А таму, прабач, але чаму я, прыгожая дзяўчына, павінна з Табою ісці?»
«Ты забываешся, што не едзеш у лімузіне, раз-пораз калываючыся на вулічных калдобінах; я не бачу ўціснутых у свае гарнітуры паноў з Тваёй світы, што ішлі б паўколам за Табою, шэпчучы словы захаплення; Твае грудзі добра падтрымліваюцца станікам, але Твае стройныя ногі і сцёгны шукаюць сабе адшкадавання за тую стрыманасць; на Табе тафтовая сукенка з плісіраванымі фалдамі, паводле моды, якая радавала нас леташняй восенню,— і Ты ўсё-такі ўсміхаешся, маючы на сабе гэтыя небяспечныя для жыцця строі».
«Напраўду, мы абое маем рацыю, і, каб сабе гэтага цалкам не ўсвядоміць, няхай кожны з нас пойдзе дадому паасобку».
НА РОЗДУМ ВЕРШНІКАМ-СПАРТОЎЦАМ
Калі добра паразважаць, нішто не здолее спакусіць нас на тое, каб быць першымі ў спаборніцтвах на іпадроме.
Слава першага вершніка краіны, асабліва калі ў наш гонар загрыміць аркестр, цешыць занадта моцна, каб назаўтра мы не маглі адчуць смутку ды раскаяння.
Зайздрасць супернікаў, падступных і досыць уплывовых людзей, будзе рабіць нам балюча ў гэтым вузкім жывым калідоры, праз які нам давядзецца праскакаць на конях, калі яшчэ за хвіліну перад тым гэтая роўнядзь была пустая, не лічачы некалькіх абагнаных на круг вершнікаў, што, амаль невідочныя, імчалі за далягляд.