Читать «Прысуд» онлайн - страница 138

Франц Кафка

Ці заставалася ў мяне магчымасць дыхаць яшчэ якім-небудзь паветрам, не турэмным? Нялёгкае пытанне — ці, хутчэй, гэта было б пытаннем, калі б я меўся яшчэ спадзявацца выйсці на волю.

1917

НОВЫЯ СВЯЦІЛЬНІКІ

Учора я першы раз быў у канцылярыі дырэктара. Наша начная змена абрала мяне сваім прадстаўніком, а паколькі канструкцыя і ўнутранае напаўненне нашых свяцільнікаў не былі бездакорныя, я павінен быў дамагчыся ліквідацыі гэтых дэфектаў. Мне паказалі адпаведны кабінет, я пастукаўся і зайшоў туды. Хударлявы малады чалавек з надта бледным тварам усміхнуўся мне з-за свайго вялікага пісьмовага стала. Шмат, зашмат разоў ён паківаў мне галавою. Я не ведаў, мне сядаць ці не; хоць там і стаяла вольнае крэсла, але я падумаў сабе, што, магчыма, прыйшоўшы сюды ўпершыню, адразу сядаць і не варта. I гэтак я пачаў расказваць сваю гісторыю стоячы. Ды якраз гэтай сваёй сціпласцю я, відавочна, спрычыніўся да ўзнікнення ў маладога чалавека пэўных цяжкасцей, бо, калі ён не хацеў перастаўляць сваё крэсла — а гэтага ён не хацеў,— ён мусіў увесь час паварочваць свой твар да мяне і падымаць яго ўгору. З іншага боку, аднак, пры ўсім сваім жаданні ён не мог да канца павярнуць сваю шыю і таму пад час майго аповеду глядзеў коса, напалову на столь, а я міжволі — туды, куды і ён. Калі я скончыў, ён павольна ўстаў, паляпаў мяне па плячы, прамовіў: «Так, так... так, так...» — і выпхнуў мяне ў суседні пакой, дзе нас ужо, відавочна, чакаў нейкі спадар з дзікай барадою, бо на яго стале не было відаць аніякага следу магчымае працы; якраз наадварот, расчыненыя шкляныя дзверы вялі ў невялікі сад, спрэс парослы кветкамі ды кусцікамі. Маленькай інфармацыі, некалькіх слоў, што прашаптаў яму малады чалавек, таму спадару было досыць, каб ухапіць сэнс нашых шматлікіх скаргаў. Ён адразу ж падняўся і сказаў: «Ну, мой даражэнькі...» Тут ён запнуўся; мне падалося, што ён хацеў ведаць маё імя, і я ўжо быў адкрыў рот, каб яшчэ раз прадставіцца, але ён перапыніў мяне: «Але, але. Добра, добра, я цябе дасканала ведаю... Гэтак вось... твая, або ваша, просьба, вядома ж, слушная; я ды спадары з дырэкцыі, вядома ж, апошнія, хто б тое не мог усвядоміць. Дабрабыт людзей, павер мне, нам бліжэй да сэрца, чым дабрабыт завода. А чаму б і не? Завод можна заўсёды адбудаваць нанова: на гэта патрэбныя толькі грошы; да д'ябла з тымі грашыма; а калі гіне чалавек, дык гіне менавіта чалавек; па ім застаюцца ўдава, дзеці. Ах, божачкі! Таму кожная прапанова, кожная новая гарантыя бяспекі, новая палёгка ў працы, новая зручнасць, камфорт павінны рэалізоўвацца; мы гэта вельмі вітаем. Хто з гэтым прыходзіць, той наш чалавек. Значыцца, пакінь тут свае ініцыятывы-праекты; мы іх дакладна праверым; а калі да гэтага трэба будзе далучыць якую-небудзь маленькую асляпляльную навацыю, мы таго хаваць, вядома ж, таксама не будзем; і тады, калі ўжо ўсё будзе гатова, вы атрымаеце новыя свяцільнікі. Але перадай сваім людзям — тым, што ўнізе: пакуль мы з вашае штольні не зробім салон, датуль мы не супакоімся; і пакуль вы, нарэшце, не будзеце паміраць у лакіраваных ботах, не будзеце паміраць увогуле. I гэтым самым зробленыя цудоўныя парады!