Читать «Прысуд» онлайн - страница 140

Франц Кафка

1921

ПРАЎДА ПРА САНЧА ПАНСУ

Санча Панса, ніколі тым, зрэшты, не выхваляючыся, увечары і днём даваў д'яблу, якога ён пазней назваў Дон Кіхотам, мноства рыцарскіх і разбойніцкіх раманаў і, дзякуючы гэтаму, з цягам часу здолеў адвесці ад сябе ўвагу так, што потым той д’ябал нястрымна рабіў самыя вар’яцкія ўчынкі, але яны нікому не шкодзілі з-за адсутнасці прадвызначанага аб’екта, якім меўся быць менавіта Санча Панса. I вольны чалавек Санча Панса спакойна-абыякава, а можа, з пэўным пачуццём адказнасці, таварышаваў Дон Кіхоту ў ягоных вандроўках і да канца сваіх дзён меў праз тое сабе добрую і карысную забаву.

1917

МАЎЧАННЕ СІРЭН

Доказ таго, што недастатковыя, дый нават дзіцячыя сродкі могуць дапамагаць уратаванню.

Каб засцерагчыся ад сірэн, Адысей напхаў сабе ў вушы воску і загадаў прыкуць сябе да мачты. Штось падобнае маглі б, вядома, здаўна рабіць усе вандроўнікі, апроч тых, якіх сірэны спакушалі ўжо здалёк, але ва ўсім свеце было вядома, што гэта ніяк не дапамагала. Спеў сірэн пранікаў ва ўсё, а палкасць спакушаных знішчыла б не толькі ланцугі ды мачты. Але Адысей пра гэта не думаў, хоць, мажліва, даўно пра гэта чуў. Ён цалкам даверыўся прыгаршчам воску ды жмуту ланцугоў і, наіўна цешачыся са сваіх штучак, плыў насустрач сірэнам.

Аднак у сірэн ёсць жахлівейшая за спеў зброя, а менавіта маўчанне. Хоць такога ніколі не было, але можна ўявіць, што некаму ўдалося б уратавацца ад іхняга спеву, але ад маўчання — ніколі. Нішто зямное не можа супраціўляцца пачуццю магутнейшай за ўсё іншае пыхі, якая ўзнікае ў таго, хто перамог сірэн сваімі сіламі.

I сапраўды, усеўладныя пявунні не спявалі, калі прыбыў Адысей,— ці з тае прычыны, што яны меркавалі справіцца з гэтым супернікам адно пры дапамозе свайго маўчання, ці таму, што яны забыліся на ўсякія спевы, убачыўшы бясконца шчаслівы твар Адысея, які думаў толькі пра ланцугі ды воск.

Але Адысей, так бы мовіць, не чуў іхняга маўчання, думаў, што яны спяваюць і што толькі ён абаронены ад таго, каб чуць іх спеў. Яго пагляд слізгануў па паваротах іх шыяў, па абліччах з адбіткамі глыбокіх уздыхаў, па вачах, запоўненых слязьмі, па напалову раскрытых ратах, але яму падумалася, што ўсё гэта мае дачыненне да арый, якія, непачутыя, сціхаюць вакол яго. Неўзабаве, аднак, усё знікла перад ягоным позіркам, скіраваным удалеч; сірэны літаральна знікалі, сустрэўшыся з яго рашучасцю, і тады, калі Адысей быў да іх найбліжэй, ён ужо нічога пра іх не ведаў.

Але яны — прыгажэйшыя, чым калі-небудзь раней — выпростваліся і круціліся, дазваляючы ветру вольна развяваць свае пачварныя валасы і свабодна выпускалі на скалах свае кіпцюры. Яны ўжо не прагнулі спакушаць, а хацелі адно як найдаўжэй лавіць водбліск вялікіх Адысеевых вачэй.

Калі б сірэны мелі свядомасць, яны б былі проста знішчаныя. Але яны вытрывалі, адно толькі адпусцілі Адысея.