Читать «Прысуд» онлайн - страница 131

Франц Кафка

— Што гэта вы кажаце! — ускрыкнуў я занадта гучна як на гэты калідорчык, але пасля ўжо баяўся гаварыць цішэй. — Напраўду, што вы там сказалі? Ну, вядома, я падазраю... я падазраваў, убачыўшы вас яшчэ першы раз, што ў вас такое... У мяне ёсць пэўны вопыт, і гэта зусім не жарт, калі я называю гэта марской хваробай на сушы. Сутнасць гэтае хваробы ў тым, што вы забыліся на сапраўдныя імены рэчаў і цяпер на хаду сыплеце на іх першыя-лепшыя назвы. Каб толькі хутчэй, толькі б хутчэй! Але не паспееце вы ад іх уцячы, як зноўку забываецеся на іх імены. Таполя ў бязмежжы палёў,— якую вы назвалі Вавілонскаю вежаю, бо не ведалі альбо не хацелі ведаць, што гэта была таполя,— зноў гайдаецца безназоўная, і вам трэба было б назваць яе «п’яным Ноем».

Я трохі збянтэжыўся, калі ён сказаў:

— Я рады, што не зразумеў, пра што вы гаварылі.

Хвалюючыся, я адказаў хутка:

— Тое, што вы ўзрадаваліся,— гэта доказ таго, што вы ўсё зразумелі.

— Ведама ж, гэта — доказ... але і вы гаварылі дзіўна, згадзіцеся.

Я абаперся рукамі аб верхнюю прыступку, адкінуўся і ў гэтай амаль непрыступнай позе, позе барца ў самы небяспечны момант паядынку, спытаўся:

— Вы ратуеце сябе цікавым спосабам, даючы іншым меркаваць пра ваш стан, ці так?

Тут ён пасмялеў. Сашчапіўшы рукі, каб адчуваць сябе адзіным цэлым, ён з пэўным пярэчаннем адказаў:

— Не. Я раблю гэта ў дачыненні не да кожнага і не да вас, напрыклад, бо я гэтага не ўмею. Але я б хацеў умець: тады ўвага людзей у царкве мне была б зусім непатрэбная. Ведаеце, навошта яна мне?

Гэтае пытанне зрабіла мяне бездапаможным. Пэўна, я гэтага не ведаў і, як мне здаецца, зусім не хацеў ведаць. Мне ж нават і не карцела сюды прыходзіць, сказаў я тады сам сабе, ды гэты чалавек прымусіў выслухаць яго. I мне ўжо было трэба адно што адмоўна матлянуць галавою, але я не змог ёю нават паварушыць.

Чалавек, які стаяў насупраць, усміхнуўся. Потым ён прысеў на адно калена і пачаў санліва мармытаць:

— Яшчэ ніколі не было такой хвіліны, каб я быў перакананы, што я жыву. Навакольныя рэчы ўспрымаюцца мною так няпэўна, што мне ўвесь час мроіцца, нібыта гэтыя рэчы колісь жылі, а цяпер яны правальваюцца, знікаюць. Заўсёды, васпане, я б хацеў бачыць рэчы такімі, якімі яны хочуць сябе паказаць,— перш чым яны сапраўды робяць гэта. Відаць, яны тады прыгожыя і спакойныя. Мусяць быць такімі, бо я часцяком чую, як людзі гэтак кажуць пра іх.

Я нічога не адказаў, і толькі міжвольнае торганне майго твару выдавала, як мне было непамысна. Таму ён спытаў:

— Вы што, не верыце, што людзі гэтак кажуць?

Я хацеў кіўнуць галавою, ды не здолеў.

— Вы сапраўды не верыце? Дык паслухайце! Яшчэ ў маленстве, калі я расплюшчыў вочы пасля кароткага паўдзённага сну, не прачнуўшыся як след, я чуў, як маці звыклым голасам пыталася ў кагосьці з балкона: «Што вы робіце, даражэнькая? Сёння ж так горача». I аднекуль з саду адказвала жанчына: «Я палудную тут у садзе». Яны размаўлялі не раздумваючы і не надта каб разборліва, нібыта ўсім загадзя было вядома, пра што яны збіраюцца гаварыць.