Читать «Звон ― не малітва» онлайн - страница 7

Уладзімір Бутрамееў

Холад. Не нам, княгіня, мяняць дзедаўскія звычаі.

Рагнеда. Але святары заўсёды да голасу князёў сваіх прыслухоўваюцца!

Xолад. Таму я і прыйшоў.

Рагнеда. Ізяславу не гаварыце! Заўтра ён нібыта едзе са сваімі людзьмі на паляванне. Мядзведзіцу хочуць упаляваць.

Xолад. А злотніку твайму сказаць пра дачку?

Рагнеда. Не з добрай ты справай да мяне прыйшоў сёння, вядун, ой не з добрай!

Княгіня падыходзіць да краю моста, раздае міласць жабракам. З бліскучымі чорнымі вачамі, з доўгай сівой барадой вядун колькі часу яшчэ ходзіць на мосце, пасля па сцяжынцы падымаецца на замкавы вал. Княгіня вяртаецца ў замак.

Той жа светлы пакой, што і раней. Заходзіць Ізяслаў.

Ізяслаў (да маці, якая сядзіць каля вялікай скрыні). Чаго прыходзіў вядун са свайго лесу?

Рагнеда. Не трэба варожасці, сын!

Iзяслаў. Ведаеш, іншы раз надта хочацца зайсці ў іхняе свяцілішча ды парушыць там усё.

Рагнеда. А я ўсё думаю, адкуль гзта ў цябе? Аказваецца, душа твая таксама ўзбунтавалася супроць старых багоў?

Iзяслаў. Супроць багоў я нічога не маю, мама. Мне не падабаюцца людзі, якія знаходзяцца ў свяшчэнным лесе вакол багоў.

Рагнеда. Супакойся, сын. Злосць нічога не выкліча ў адказ акрамя злосці. Сваіх багоў мы з табой не выбіралі. Мы нарадзіліся з іх згоды.

Iзяслаў. Няхай сабе так.

Рагнеда. Дык навошта бунтуеш?

Iзяслаў. Пра гэта я толькі табе сказаў.

Рагнеда. Багі не толькі чуюць, яны здагадваюцца.

Iзяслаў. Не падабаецца мне вядун Холад.

Рагнеда. Што зробіш? Ён — табе. Бадай, ты яму — таксама. Відаць, праз твае доўгія размовы з прэсвітэрам Апанасіем.

Ізяслаў. Я і з прэсвітэрам гэтаксама размаўляю. Мне не падабаецца, што яны са сваімі багамі пачынаюць раздзіраць чалавека напапалам. Той з Ісусам Хрыстом, гэты... з Хорсам, Стрыбогам ды з Перуном.

Рагнеда. Бедны хлопчык!.. Ты — малады, а ў такія гады чалавек звычайна бунтоўны. Лепей было б, сын мой, каб бунтавалася ў табе сіла, а не душа. Ты маеш у сабе здольнасць пагаварыць сур’ёзна з маці?

Iзяслаў. Так. Я прыйшоў сюды, каб пагаварыць. Я не стаў гаварыць пра гэта ў прысутнасці прэсвітэра. Таму і адказаў на тваё пытанне, што спаў сёння добра. Не, мама, я не ўсю ноч спаў. Бо ў сне бачыў бацьку.

Рагнеда. I тую раніцу?

Ізяслаў. Я чамусьці не дужа помню яе. Яна для мяне была як навальніца. Прагрукатала і адышла за небакрай.

Княжыч становіцца на калені перад маці, тая бярэ галаву яго ў свае рукі.

Рагнеда. Ты, мой хлопчык, страціў у тую раніцу бацьку, а я знайшла вернага сына. Дык, кажаш, як навальніца для цябе яна, тая раніца? Можа, гэта і добра. А ў мяне ўсё наадварот. Для мяне тая ноч, а потым раніца як насланнё. I ўсё жыццё таксама здаецца насланнём. Значыць, бацьку ты бачыў у сне безадносна да тае раніцы?

Ізяслаў. Так.

Рагнеда. I як жа ён табе сніўся?

Ізяслаў. Здаецца, зусім без злосці, але ўсё нібыта хацеў штосьці сказаць. I якраз у той момант, як пачуць яго голас, мяне хтосьці будзіў. Напэўна, ваўчыца. I так колькі разоў за ноч. Так што спаў я, мама, дрэнна. I ўсё чамусьці мне сёння не падабаецца. Асабліва вядун Холад. У яго вачах сапраўды холад, дарма што дзікім бляскам гараць. А заўтра ў мяне паляванне. Ведаеш, вакол горада нашага мядзведзіца раз’ятраная ходзіць?