Читать «Быў. Ёсць. Буду» онлайн - страница 22

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Былому другу

Ну й свінства ж ты зрабіў... Ледзь дашукаўся кораня. Глядзі, ў наступны раз не зносіш галавы. Давай на антыбрудэршафт з табою дзёрнем. Хачу ад сёння быць з табой на "вы".

Склероз

У яго быў склероз - ну чыстае гора! Але ён быў мужны і не паддаваўся: Кожны дзень забываў ён, ці піў учора, І, на ўсякі выпадак, апахмяляўся.

Арарацкая далiна

Плантацыі перцу, кінзы і рыгана, І сохне перац пад кожным "дымам". І кожны дом у агні буяным Згарае купінай неапалімай. І скалы, як бруднаю вапнай пабелены, Гразёй храпаватай залеплены спіны. А там, дзе вада, - такая ўжо зелень, Такая зялёная, ажна сіняя! А ўдалечыні Арарат двухгаловы У небе стаіць недасяжнаю марай, Прысыпаўшы лысіны пудрай цукровай, Захутаўшы ногі ў ліловыя хмары.

Армянскія ананімныя прытчы

Вольныя пераклады 

Стагоддзе V Воўк авечкам сказаў: "Мір вам светлы й святы. Нада мной і над вамі - адзіны бог". І Баран сказаў: "О сёстры й браты! - Ратуйся, хто як і хто змог!" Калі часам пачую голас святы: "Абавязкі!!! Прагрэс!!! Ідэі!!! Правы!!!", - Мне таксама хочацца крыкнуць: "Браты! Ратуйся, - на на злом галавы!!!" Стагоддзе ХХ Ганарылася стронга перад печкуром: "Рыбакі мной цароў частуюць! А ты?! Галадранец кожны нясе цябе ў дом, Купіўшы за шэлег сто тры хвасты". І пячкур адказаў: "Ну і хай сабе голь, Хай ламаны шэлег за сто тры хвасты. Ты ж - бясплатна вандруеш на панскі стол. Значыць, нават таго не вартая ты".

Пяць струкоў перцу

Як задумаў свіння - Асманскі султан З Каўказам сілаю мерацца, Ён - меру гароху прыслаў для армян, А яны - пяць струкоў чырвонага перцу. І кожны султанаў мудрэц, як баран, Разглядаў іх і сэнсу не бачыў, Але самы сівы сказаў: "О султан! Мне нядоўга жыць. Растлумачу. Ты гарох ім паслаў - безліч войска свайго. Ну і звараць. З'ядуць. Хай без радасці. Хаця цяжка пасля, - нат з падмогай багоў, - Будзе вытрымаць іх кананаду. Войска іхняе - паць пярчын - прад табой, Праглыні, найвялікшы султане, І згарыш ці да смерці уп'ешся вадой: Ні Севана, ні рэчак не стане".

"Старайся..."

Старайся (але, вядома, не кaту) Сказаць адзіна верныя словы: Замест: - О божа, ды будзьце вы клятыя! Сказаць: - О божа, ды ўстаньце здаровы!

Хан i табiб

Хан кліча лекара-табіба зрання: - Баліць азадак. Маю барыша. Лячы хутчэй, бо заўтра мне ў дыване Дзяржаўныя пытанні вырашаць. - Ды вылечым. Але прабач, мой хане, Магчыма ў неразумнасці сваёй Я нейк лічыў, што гэтыя пытанні Рашаюць пераважна галавой.