Читать «Быў. Ёсць. Буду» онлайн - страница 23

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Прарок

Генадзю Кісялёву

Маналог Кастуся з ІІІ акта трагедыі "Кастусь Каліноўскі"

Далёкія-далёкія дарогі Пад хмарнай лебядзінай чарадой... Іду... Не веру ў д'ябла, ані ў бога. Былі б - дык не паднеслі б чары той: Пакутваць цяжка гневам і журбою, Ў пустыні марна да пяскоў гукаць За край, даўно адвучаны ад бою, Ад мовы, гонару і языка. І жыць, як тыя, што вось-вось сканалі, Але яшчэ не ўпалі ў вечны смерч: Мозг шле навокал клічы і сігналы, А цела - ў мёртвы лёд закула Смерць. Ў распадзе клетак мозгу, бы ў магіле, Чуць, як лікуе крумкачоў імша, Ўсе словы чуць у гневе і бяссіллі, Пакуль не вернецца ў Нішто душа. І з горыччу, бы ў сполаху зарніцы, Убачыць раптам дальнія гады, Калі нашчадкі узвядуць грабніцы Ўсім тым, каго распялі іх дзяды, Каго пабілі на стагнах каменнем, Каго на плаху валаклі з турмы... Вы, людзі ўсіх наступных пакаленняў, Ці будзеце у роспачы, як мы, З сваёй апошняй ледзяной калыскі Чуць мозг, што марна растае ў агні? Не трэба. Што нам славы абеліскі?!? Што нам, памёрлым, знічы і граніт?! Калі жадаем мы адной кароны: Пачуць, як лёсу валяцца муры, Пачуць, хаця і ў першы дзень па сконе, Ў згасанні мозгу ярасны ваш крык. І зразумець, што вы ўзламалі краты, Апошняй думкай, цяжкай, як свінец, Што блізкі ён, вялікі ваш пачатак, Што блізкі ён, вялікі мой канец. І ў водбліску згасальнае заранкі Апошнім промнем, як лязом нажа, Пайсці раллёю, мною узаранай Для руні, невядомай і жаданай... Пайсці да вас... І да свайго крыжа. 

Дэман

Позняю ноччу з бяссілымі зорамі стылымі, Калі ў глыбокіх дварах паміраюць вятры, - Сеў на акно чалавек з кажановымі крыламі, Месяц і зоры гусцеючым ценем закрыў. Складваў і знову выпростваў ён крылы маўклівыя, З іх вандраванняў міжзорных счышчаючы пыл. Крылы як веер былі, як паніклыя косы алівы, І як пагаслых ад стомы камет пацьмянелых снапы. - Хто ты? - спытаў у яго. - А нашто табе ведаць аб гэтым? - Што ты? - Я кветка і зорка. Пагоня і бег. - Зараз адкуль? - Я... забыўся на тыя планеты. Дзе абпякаў мае крылы агонь, дзе завейваў іх снег. - Што ты пабачыў? - Тупых катаклізмаў раскаты, Зло і пяшчоту, пажар і спакойны заліў. - Ўсё гэта можна пабачыць на гэтай праклятай, На блаславёнай, на сонечна-змрочнай зямлі. - Што ты запомніў найбольш? - Ледзяныя абшары свабоды, Дзе сумнявацца даводзіцца ў сэнсе самога быцця, І каля Альфы Цэнтаўры грыбы вадародныя, А ў Магеланавай Хмары няпэўныя іскры жыцця. Ёсць там планета, што Антызямлёй называюць, Чорная прорва за ёю. І там, у здрадлівай імгле, На двайніка твайго вораг з кінжалам чакае, І з антыкуляй, што дрэмле у антыствале. - Дэман мой, што ж не сабраў ты апошнія сілы, Каб двайніку сніліся вершы, каханне, спакой? - Але ж цябе на зямлі гэтай, дружа, таксама забілі Слабай жаночай рукою, каханай рукой. - Дух дасканалы занадта, ўсю горыч ты зведаў. Што ж уратуе жыццё? Ратуй мяне, дружа, або Вырві з мяне ледзяную самоту ўсяведання, Дай мне няведанне простых і простых любоў. Ўсё асляпленне кахання, эльбрусы яго і галгофы, Люд, што гібее ў агні, сэрца, што гіне ў агні, - На іх, вазьмі іх сабе разам з гэтымі строфамі, Што разумеюць усё і нічога не могуць змяніць. У чалавека ўначы ўсміхнуліся змрочныя вочы: - Просіш аб чым? Пагасіць твой апошні маяк? Хлусіш нашто? Ты ж не хочаш збавення, не хочаш. Лепшаю песняй тваёй стала пакута твая. Мужна ў цемру глядзі і трызні аб вечнай радзіме, Трызні аб шары зямным і пакутвай далей і далей, Пакуль не згасла зямля, пакуль чыстае неба ад дыму. І пакуль гібель твая дрэмле ў нейчым ствале.