Читать «Быў. Ёсць. Буду» онлайн

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Быў. Ёсць. Буду

"Быў. Ёсць. Буду..."

Быў. Ёсць. Буду. Таму, што заўжды, як пракляты, Жыву бяздоннай трывогай, Таму, што сэрца маё распята За ўсе мільярды двухногіх. За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры, Хто ў гарачым пекле металу, За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам, За жывых і за тых, што сканалі. За ўсіх, хто крывёю піша Ў нязгодзе З рабства подлай дарогай, Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы Паўстане нават на Бога. За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак, Хто ратуе краіну ад краху, За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы З барыкады, З пушчы І з плахі. Хто са смерцю гаворыць з вока на вока, З яе усмешкаю ветлай, І ўсё ж узводзіць - нясцерпна далёкі - Храм наш агульны і светлы. А калі ён горда заззяе ў зеніце - Непарушны - ўзнясецца ў неба, Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце. Апошнюю. Болей не трэба. І няхай яна збоку, недзе на ганку, Дагарае й дзяцей не страшыць На граніце любові, На граніце світанку, На граніце велічы вашай.

Мой век

Было ў ім усякага жыта: Тысячы добрых гадзін, І сонца, і шчасце, і літасць, І космас - на ўсіх адзін. А ўсё ж такі мне ён сасніцца Ў агні пякельных начэй Не добрай васковай пшаніцай, - Плевеламі хутчэй. За дрот валакуцца строем... З "ведзьмаў" высмоктваюць кроў... Дзяцей, старых і герояў Бульдозер зграбае ў роў. Вулканы Мінска і Кіева... Трэблінкі - вар'яцкі сон... Вусны жанчын, у якія Асвенцімскі рвецца "цыклон". Забітых халодныя горы... Котлішчаў вечны спакой... Дык што ж вы з такім дакорам? Чаму з пагардай такой? Што? Рыдаю над даўнімі болькамі? Што? Валюся ў азёрах крыві? Падаў... Плакаў... Ды толькі Ў той час, як не бачылі вы. І які той цяжар ні будзе, Ён веры маёй не сагне: Мяне пахаваюць людзі, Лепшыя за мяне. І якіх не было гекатомбаў, Ў ім не згаснула праўды свяча, І я веру ў хрышчаны бомбамі Мой крывавы, мой страшны час. Ў ім цяжка раслося калоссям, І на большым абшары зямлі Раскашней паршыўцам жылося, То адкуль жа Людзі былі? Тыя, што за радзіму, За людства, праўду і нас, Тыя, што за адзіную Паміралі літару "аз". Ваявалі ўпарта са змеем, Карчавалі ўпарта ляду, - На іх у мяне надзея Ў час апошні, калі адыду. Няхай іх душа жывая Пакуль што не знішчыла снег. Яны мяне пахаваюць, Лепшыя за мяне.

"На Беларусі бог жыве" 

 "На Беларусі бог жыве", - Так кажа мой просты народ. Тую праўду сцвярджае раса ў траве І адвечны зор карагод. Тую праўду сцвярджае Упартасць хваль, І продкаў запавет, І мовы залатая сталь, І нашых дум сусвет. Тую праўду сцвярджае Ўсё зноў і зноў Ўсім лёсам, - Няхай спакваля, - У хмарах дубоў, У вясёлках агнёў Купальская наша зямля. І няхай давядзе мне Іншая кроў, Што брашу, Як сабачы сын, - А няма нідзе Вярнейшых сяброў І прыгажэйшых жанчын. Гэта край раскрытых душ і дзвярэй, Гэты край - Твой дом і сабор... Ў нас дваццаць з лішнім тысяч рэк, Адзінаццаць тысяч азёр. Нам ёсць што піць, З падмосткаў ліць, Чым палі свае акрапіць, А як давядзе, то ёсць нам дзе І ворага ўтапіць. І тая памяць жыве не ў царкве, А ў кожнай жыве галаве: "На Беларусі бог жыве..." - І хай сабе жыве. А калі ён шле на нас кару і гнеў, - Ну што ж, - мы з ім свае: Ў вяршыні самых гонкіх дрэў Маланка з неба б'е. У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў Маланка ніколі не б'е. І пра тое кожны пяе салавей Росным кветкам у роднай траве: "На Беларусі бог жыве", - І няхай давеку жыве.