Так было і доўга так будзе: Палілі вёскі й палі, З гарадоў рабілі руіны і груды Ўсёй зямлі - усе каралі. Не, не ўсе. Ў даўніну забытую Быў адзін - адзіны, і ён Для простых кінуў эліту, Для кахання пакінуў свой трон. Заблукаў ён на паляванні, І з дачкой палясоўшчыка Рут Прасядзеў ля агню да світання І найлепшую стрэў зару. І кінуў магнатаў без жалю, Палюбіў курных хатаў дым, І аддаў сваё сэрца не зaмкам і залям, А халупам і бедным братам сваім. Палюбіў іх песні і словы, Бо казаў іх каханай рот, І зляцелі ў многіх галовы З тых, хто мучыў і нішчыў народ. І аднойчы сказаў ён магнатам, Сказаў словы дзіўныя ён: "За каханне у простай хаце Я пакіну бацькоўскі трон. А паколькі мне вецер вее З нейкай іншай, свабоднай зямлі, То ў Ісландыю, край завеі, Мы сплывем на сваім караблі". ...І ў той час, калі йшчэ не ўкрылі Крылы ветразяў мачты ўзлёт, На прычале конна з'явіліся Сваякі тых, што нішчыў народ. Гналі коннікі ў дзікім намёце. Кожны меч свой цягнуў з нажон: "Не каханнем - макітрай заплоціш Ты, што, дурню, кінуў свой трон". Нараджала маланкі зброя, І пад вечар ад роднай зямлі Ў край далёкі, край мёртвых герояў Ён адплыў на сваім караблі. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Раздзімаў яму ветразі вецер, І адплыў у Нязнанае ён... Той адзіны кароль на свеце, Што аддаў за каханне свой трон.
Глухi генiй
Гойя
Сон розуму пачвар раджае, І панствуюць яны над ім, Паветра крыкам запаўняюць, Вішчаць і кідаюцца ў дым. І вар'яцее мозг ад плачу На самай праведнай з планет. Чуць не магу!!! Ўглядаю. Бачу І мацаю каравы свет. Што з ім? Які смяшлівы д'ябал Зямлёй гуляе, як мячом? Чаму аднога ўладай вабіць? Чаму другога б'е мячом? У ведзьмы на грудзях звісае Дух цемры, злосны і тупы. Свет забівае і ўмірае. Хто не асёл - той нетапыр. І хто паверыць, нават з кроўных, Што цяжка мне узнёсласць мар, Дзіцячую сваю любоўнасць Хаваць за жорсткасць і кашмар? Іначай нельга, бо адразу Раздражніш лютую змяю... Іначай схопяць і абразяць, І граззю ў душу наплююць. У царстве смерці і трывогі Ёсць для мяне адзін маяк, Што асвятляе мне дарогі... Іспанія, зямля мая! Ахутаная ў сан-беніта З дурацкім вострым каўпаком, Равучым полымем абвіта, Ў турме задушана шнурком. Вайна! Забілі маці ў полі. Нясуць. А захад дагарэў. Дзіцёнак сіры, бедны, кволы Ідзе за ёй і вочы трэ. Не бачылі бы лепей вочы Вось гэта: новай смерці цень, Маленькую фігурку ноччу, Кранаючую, як прамень. Хто высушыць дзіцяці слёзы? Хто ён, загублены ў хмызах? Язміну кветка на марозе. На веях мёртвая сляза. "Матуля, бедная! Як гэта вытрымаць?! Якая мужнасць!" Суцэльны крык ірвецца з горла, Крык фарбы, крык іглы ў турме. І ўрэшце: "Ісціна памёрла!" Памёрла пад вясёлы смех. Глухім жыву і паміраю, Глухім крычу пад градам куль, Глухім, бо слухаць не жадаю Хлусню, што панствуе паўсюль. Пакуль пад гукі новай песні, Харалу, што залье палі, Святая праўда не ўваскрэсне, Ўсё ж уваскрэсне на зямлі. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .Тады - пачую.