Читать «Быў. Ёсць. Буду» онлайн - страница 18

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Павешаным 1863 года

Калі ідуць на абардаж, І поўніць полымя прасцяг Да верху мачты - экіпаж Цвікамі прыбівае сцяг. Даўно здалася - нават сталь, - І толькі зараз - мы памром Пад сцягам, што ў прадонні хваль Знікае разам з караблём. Ў крыві краіны нашай бель, Прыходзіць час смяротных сноў, І нашай волі карабель, - Няскораны, - ідзе на дно. І сёння ў вечны наш працяг, У неба на світанні дня Уздымуць нас, як волі сцяг, Якому й богу нельга зняць.

Смяротная страта

Ігнату Грынявіцкаму, які сваім выбухам адпомсціў Аляксандру ІІ за 1863 год

1 сакавіка 1881 г. 

Карэта цара выязджае. (Гэткі на колах гадзючнік!) У канале Кацьчыным воды Да блізкага мора бягуць. Вось бомба. Хай з падлы смярдзючай, Хай з яго, ката народаў, Ката маёй Беларусі Зараз шматкі палятуць. Выбух. Той здох. Але І яго смерч асколкаў нізрынуў, Вось нясуць... Вось колюць... Пытанні... Гэта каб іншых гнаць. Не, ён ім не скажа, хто ён, "Ігнась Грынявіцкі" - не кіне, Гонару многа ім, гноям, Па імю, па бацьку, па прозвішчу, Гонару многа ім, шлюхам, Сыноў Беларусі знаць. З апошніх згасаючых сілаў (Пытанні... Пытанні... Пытанні...) Ён лепш успомніць пра тое, За што ён ішоў на замах. Успомніць Бабруйшчыну мілую, Майскую стужку Бярозы, Дняпро на райскім світанні, Белыя світкі ў лугах. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . І ў яго галаву адрэзалі, І ў сасуд са спіртам паклалі. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Спрэс трэслі усіх на допытах: "Хто гэта?! Хто гэта?! Хто гэта?!" Але галава маўчала... І людзі, вядома ж, маўчалі... Адзін толькі выдаў, паскуднік, І з тым перайшоў у нішто. І сяброў ягоных павесілі. Быў ранак сонечна-чысты. А ноччу, як развітанне, Калі іх везлі хаваць - У сінім небе начным, Сінім, як спірт празрысты, Ўсплыла чырвонага месяца Адсечаная галава.