Читать «Быў. Ёсць. Буду» онлайн - страница 13

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Начная песня

Змрок на кручы заспеў рабінзона бабовага... У Дняпро ручаінай сплывае туман. Ўсе паехалі качак страляць на Падкову, Абяцалі вярнуцца, ды нешта няма. Пільна слухаю ветрык з далёкіх затокаў: Можа, недзе Дняпром затуркоча матор. Але ціха... Плаўка не відаць у сутонні. А над светам - шалёнства зіхоткае зор. Перакрэсліўшы вудай смугу агнявую, Я гляджу у свінцовы і грыфельны змрок... Вось, здаецца, кругі... Падсякаю ўсляпую... Зноў узмах... Зноў знікае ў прадонні плавок. Каб не спудзіць спакою  з нядальных кшакаў, З прыбярэжнай лазы, што цьмянее сцяной, Ціха ўзносіцца пастка рыбацкага сака, Ловіць зоры і іх апускае на дно. Пэўна, лягу пад стог. Хай з глыбіняў знямелых У адвечным і самым бяскроўным з баёў Вышніх знічак імгненна-агністыя стрэлы Да світання спадаюць у сэрца маё.

Рэчка Папараць

Чорная, з адценнямі зялёнымі, Быццам качкі цьмянае пяро, Цягнецца яна праз нетры сонныя, П'е балот настоеную кроў. Ціша ззаду цягнецца да шыі: Ў гэтым кінутым кутку зямлі Волаты змагаліся лясныя, Зрынулі, пасеклі, паляглі. Ўсё змяшалася і спрахла з часам. Курчыць зрынутыя дрэвы страх. Мухаморы, як кавалкі мяса, Кінутая, як шчыты, кара. Бервяно праз рэчку аксамітнае. Я зваліўся на спіну ў імхі І не ўбачыў ні шматка блакіту Праз ялін кашлаты малахіт. Ўсё адно, калматыя ялінкі, Што ўзрасце каля вачэй маіх, Баравік, надрэзаны сцяблінкай, Ці галоўка вострая змяі. Хай мне будзе абаронай цвёрдай Звонкае, як шчыт, найменне той, Гожай, як язмін, няўмольнай, гордай, Як світанне сэрцу, дарагой. Будзьце сведкамі, Лясныя сілы, Да апошняга ў гаі ліста, Што яна калісь сказала: "Мілы". Мімаходам. Лёгка. Проста так. Што мне нетры? Што мне цені смерці? Што мне змеі? Толькі ты любі. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .  Тых, хто носіць небасхіл у сэрцы, Нельга ні уджаліць, ні забіць.