Читать «Быў. Ёсць. Буду» онлайн - страница 15

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

І тады закахалася хмара... У паплавы, ад расы прамяністыя, І ва ўсю Беларусь маю чыстую, Ў мары бору, ў палёў абшары. І заплакала ад кахання, І слязою чыстай абмыла Ўсе абшары зямлі маёй мілай, Ўсе калыскі яе і магілы, Ўсе змярканні яе і світанні. І пад птушак зялёны гоман Нарадзіліся для абшараў, - Плод кахання бору і хмары, - Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.

Наследаванне Байрану

Ты апусціла стрэлы вей - І гэта, як на снег вайны, На саван бітвы ў снах завей Бязгучна селі груганы. На веі слёзы наплылі - І гэта, быццам па вясне, Як брама райскае зямлі, Праз дождж вясёлка ззяе мне. Па ўсёй каханай старане З блакітных сноў спадае дождж - І гэта, - здаючыся мне, - Ты ўсмешку дорыш мне усё ж. І адышла зіма трывог, І ўстаў з нябёс герояў строй... І зноў ёсць май, і зноў ёсць бой, І зноў ёсць свет, і ў свеце бог. І свет - не пустка мне з табой. І бог - не пастка мне з табой.

"Закувала зязюля ў лесе празрыста-зялёным..."

Закувала зязюля у лесе празрыста-зялёным... Божа мой! Колькі год яшчэ жыць нам з табою і жыць! Ранак ціхай вясны! Ранак светлых пяшчотных палонаў! Ранак вечных спатканняў на роснай і цёплай, пахучай мяжы! І не будзе канца ні вясне, ні іскрыстай расе, ні каханню, І спрадвеку, давеку, магутныя, будуць яны Цараваць над вясенняй зямлёй, над гаямі у цёплым тумане, Над гаямі, дзе... Так нечакана прыгасла зязюлі куванне. Дзе ля касак прабітых міргаюць калматымі веямі сны.

"Ў бездарожжа для тых, каму шчасцiць..."

Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць, Дагарае ўначы маё сэрца... Ты дала мне імгненнае шчасце, Я табе даў за гэта - бяссмерце. І калі ты падзякаю, болем Азарыла мне прорвы сусвету, Я сказаў: "Больш, напэўна, ніколі Мы на свеце не ўбачымся гэтым". І табе - хай нас людзі рассудзяць - Я зайздроснай аддзякую доляй: Ты - ніколі - мяне не забудзеш, Ты мяне не пабачыш - ніколі. Ў ноч самоты, і ў цемры магілы Будзе смага адна тваёй доляй: Ты забыць мяне будзеш не ў сілах, І са мною... ніколі. Ніколі.

"Над полем месяц двухрогі..."

Над полем месяц двухрогі, А мне ў цішыні палявой Адна пралягла дарога: Да вокан любай маёй. Яна кахае другога, І як ні падай да ног Убранага кветкамі бога, - Ён не ўратуе, бог. Свяшчэннікі ўсёй паднябёснай Кахання не вымаляць мне. А суцешаць хіба што сосны І роднага неба свінец. Каб глядзеў я ў вочы іконе, Як у вочы лепшай з дзяўчын, - Узялі б мяне ў божае лона, Ўзвялі ў апостальскі чын. Каб бегаў я ў божую хату Так, як пад хату тваю, - Мяне б серафімы крылатыя Жывым пасялілі ў раю.