Читать «Быў. Ёсць. Буду» онлайн - страница 12

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

"Як Стажары ў небе заззялi..."

Як Стажары ў небе заззялі, І ў сяле падаілі кароў, І з палёгкай палі ўздыхалі, - Я пад вокны твае прыйшоў. Ты з хітрынкай сказала, мілая, Прыкрываючы шыю касой: "Маці спіць. Я таксама стамілася. Дарагі, прыходзь раніцой". Ты сказала так цёпла і ветліва, Я кахаў цябе так даўно... Я паверыў і раніцай светлай Пад тваё прыцягнуўся акно. Зноў з хітрынкаю ты сказала: "Бач, каровы ідуць на лугі. Бачыш, маці толькі што ўстала. Ўдзень прыходзь да мяне, дарагі". Я чакаў паўдзённай часіны. З неба сонечны пёк агонь. Я драмаў у хмызах тры гадзіны На нагах, як стомлены конь. Мрэлі ў сонцы паўдзённым шаты, Калі зноў я прыйшоў да сяла І... нікога не стрэў ля хаты, Бо каханая ў полі была. Ўсе сабакі на вёсцы яхкалі На даўжэзную постаць маю, Калі вечарам шэрым і мяккім Я прыйшоў на сядзібу тваю. Усміхнулася: "Нельга вечарам, Нас заўважаць суседзі ў садках. Любы мой, дарагі, недарэчны, Ноч наперадзе. Зоры ў вачах". Уначы я свіснуў ля хаты, І з'явіўся цень у акне: "Я заснула ад стомы праклятай. Не шкадуеш, будзіш мяне. Ну і д-добрым ты будзеш мужам... Не. На вуліцы травы з расой... Што ты, што ты! Маці нядужая... Дарагі, прыходзь раніцой". Ці доўга ты яшчэ будзеш мяне мучыць, нягодніца?!

"О любоў мая, Беларусь!.."

О любоў мая, Беларусь! Над туманным начным стаўком Пралятае самотная гусь, Разразаючы люстра крылом. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Разразаючы неба крылом.

"Можна ўсё: пусціць каханне дымам..."

Можна ўсё: пусціць каханне дымам, Ўзяць і занядбаць мінулы шлях. Але толькі - не любіць Радзімы З чорнаю павязкай на вушах, З чорнаю павязкаю на вуснах, З чорнаю павязкай на вачах. Толькі слухаць словы нездрадлівыя, Толькі не тлуміць яе маной, Бо адным мы вінны пакуль жывы Перад нашаю вялікай нівай: Праўдай абавязаны мы ёй. Ісцінай. Адзінаю. Адной.

Было юнацтва

Так ружы надушыліся Уласнаю парфумай, Што іхнія галовы Ад водару баляць. А мне няма спакою, І пра цябе я думаю, Пакуль блакітны месяц Не выпаўзе на гаць. Калі няпэўным сяйвам Залье ён кола млына, Заблытае праменні У тваннай барадзе, Я зноўку засумую Па дарагой дзяўчыне, Халоднай, як лілея, Што дрэмле на вадзе. Блакітная і белая, Жамчужная, ружовая, Ўсю цеплыню хавае У самай глыбіні. Пакут маіх не бачыць, Майго не чуе слова, Каханне зневажае І пра каханне сніць. Якой адданай песняй Развеяць мне бяду маю? Глянь, любая, - вось месяц Над грэбляю старой. Што ж ты не заўважаеш, Што пра цябе я думаю І раніцай ружовай І позняю парой? У руж баляць галовы, Ім сумна, ім нявесела, А я да іх хілюся Гарачай галавой: "Вы, модніцы бяздушныя, Што ж вы галовы звесілі? Скажыце, што рабіць мне З каханаю сваёй?" Яна, як кветка, дрэмле На холадзе празрыстым І ад усплёскаў рыбы Праз лёгкі сон дрыжыць. Далёкая, маўклівая, Халодная і чыстая - Зусім яна не думае, Што мне балюча жыць.