Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 8
Костас Варналис
6. Я прымушаў iншых казаць тое самае i сапраўды верыць, што ўсе iхнiя веды - падман. Я прымушаў шукаць праўду. Ды вы, грамадзяне афiняне, спачатку занепакоiлiся, а пасля раз'юшылiся. Да чаго ўсё гэта магло прывесцi? Вы цудоўна ведаеце, што чым менш грамадзянiн думае, тым ён разумнейшы, а чым менш гаворыць, тым ён вальнейшы. А што, калi б раптам якi-небудзь дзiвак, упарта шукаючы iсцiну, знайшоў, што правiльней будзе есцi, чым галадаць? А то яшчэ горш - яму стукне ў галаву крычаць пра гэта дзе папала? Значыць, перш чым усхадзiлася бура, вам захацелася спынiць злыя вятры? Але злыя (даруйце, добрыя) вятры паклiкалi сафiсты. Тады я, нiбы гаротная Грамадская Думка, узяўся брахаць на iх i хапаць iх за ногi. Аднак, каб адчапiцца ад мяне, вы наклеiлi на мяне налепку, быццам я быў самы-самы сафiст. Хоць бы я iм быў!
7. I, каб пазбавiцца ад мяне яшчэ прасцей, вы начапiлi на мяне i такое: нiбыта я бязбожнiк. Каб жа я iм быў! Бязбожнасць вы прыхавалi, як самы надзейны сродак, каб цкаваць сабаку i раз-пораз спускаць яго з ланцуга, ахоўваючы з дапамогай яго зубоў свае матэрыяльныя выгоды. Ворагаў вашага дабрабыту вы зрабiлi - i вельмi мудра - асабiстымi ворагамi сабакi. Каб учынiць расправу над Алкiвiядам, якога любiў i якiм захапляўся натоўп за яго прывабнасць, багацце i нястрогасць нораваў, вы абвiнавацiлi яго ў бязбожнасцi. I натоўп, забыўшыся на сваё замiлаванне, гнаўся за iм, як сабака, аж да самага краю зямлi. Бо вы навучылi яго чакаць шчасця з неба, а не патрабаваць сваё шчасце ад вас. Такiм чынам, адбiраючы ў яго марную надзею, мы адбiраем усё. I ён разарве цябе.
8. Каб вы зайшлi ў маю хату, вы ўбачылi б, што на сцяне там вiсяць абразы, запаленыя лампады i нашыя вянчальныя кароны ў бляшаных футаралах. А ў храме вы ўбачылi б, што я цалую ў руку святару. Цi гэтага вам не досыць? Што вам да таго, верыў я альбо не верыў? Досыць таго, што я здаваўся вам веруючым. Сапраўды, я не хацеў сварак з Ксантыпай i даваў ёй волю - абвешваць сцены абразамi. Я цалаваў у руку папу прылюдна, каб болей паздзекавацца з яго. "Во як, гэты прайдзiсвет пераплюнуў мяне ў крывадушнасцi", - думаў ён сам сабе.