Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Костас Варналис

15. Не кажыце мне: "Дык вось што! Столькi год ён плявузгаў, нiбыта дух кiруе матэрыяй, а душа - целам, што ён не лiчыўся з думкаю натоўпу, а толькi з думкаю фiлосафаў, гэта значыць, са сваёй, бо астатнiя ўсе садысты. Але цяпер, калi яму прыпякло, ён на ўсё забыўся, трызнiць i лаецца". Не, я нiчога не ганю i не ўхваляю. Мне не шкада памерцi невiнаватым, як i не сорамна было б памерцi вiнаватым. Мне ўсё адно, цi я сёння расквiтаюся з подласцю законаў, як i ўсё адно, калi я вам вызвалю месца паводле загаду Прыроды - праз некалькi месяцаў цi праз год. Я вiнен вам. Адыходзячы ўрачыста i пад гукi трубаў з аднаго Нiчога ў другое, яшчэ большае Нiшто, я з задавальненнем пасмiхаюся з вас i з самога сябе. Што тут зробiш? Разважаць - значыць пацяшацца.

16. А як падумаю, што вы шалееце не раўнуючы як сабакi ад маiх слоў, а зрабiць мне нiчога не можаце, нават пайсцi адсюль не можаце, бо страцiце свае тры аболы - дык мне так i хочацца падскочыць ад задавальнення i злацешнасцi. Я вас люблю, мне так i карцiць абняць i расцалаваць вас, як гэта робяць п'янтосы. У вас затрэслiся б паджылкi ад адной толькi думкi, што вы - на маiм месцы. Ну вось, спачатку вас звязалi, а потым прымусiлi выпiць атруту. Вось пачаўся боль i сутарга.., шклянеюць вочы, i з рота iдзе пена, пранiзлiвы холад падымаецца з ног, павольна праточваецца ў цела i ўчэплiваецца сваiмi кiпцюрамi спярша ў страўнiк, а потым - у сэрца... I гэта ўсё... Не мацайце сваiх жыватоў, грамадзяне афiняне. Няма там анiякае атруты: там скачуць (цi неўзабаве пачнуць скакаць) усе радасцi божыя - казлiная пячонка, падсмажаная на вуголлях, салёная чарнаморская паламiда, свiныя каўбаскi, прыпраўленыя перцам i часнаком, арэхi, разынкi, вiно (шмат вiна!) - i загуляюць музычныя вятры. Вы бессмяротныя i былi б, так сказаць, яшчэ больш неўмiручыя, каб Лёс надзялiў вас конскiм хвастом, якiм бы вы махалi налева i направа, нiбы веерам - каб прагнаць мух, што кусаюцца, калi вы спiце i калi вы судзiце, бо судзiце вы сплючы!

ЧАСТКА ДРУГАЯ

1. Калi я ўявiў сабе, што ляжу на дашчаным ложку, увесь адпаведна ўпрыгожаны, ляжу камiчна-ўрачыста, як усе нябожчыкi; а вакол мяне стаяць, з выглядам засмучоных Магдален, патрыятызм абвiнаваўцаў, ваша бязгрэшнасць i чысцiня вашых законаў, я шчыра засмяяўся. Бо, як вам вядома, вошы ўцякаюць з нябожчыка на жывое цела. I калi зiрнуў я на вас, жывых, якiя прасмердлi, нiбы падла за дзесяць дзён (у каго - лiхаманка, у каго - кiла, у каго - экзэма, кароста, сухоты), i ўсё ж хочуць вырваць вока свайму блiжняму, я падумаў пра жывёлу: тая, што жарэ iншых, уяўляе сябе бяссмяротнаю, а тая, якую жаруць, не мае нават надзеi калi-небудзь уваскрэснуць для лепшага жыцця.

2. Але потым я падумаў: а што было б, Сакраце, каб замест цябе, што стаiць на трыбуне "з вясёлымi тварам i вачыма" i пасмiхаецца з iх... каб перад iмi за абвiнавачанага быў твой распасцёрты труп? Судзяць жа часам мёртвыя прадметы: цэглу, шалупiнне ад кавуноў, крукi, на якiя падвешваюць тушы... Ведаеш, што б тады здарылася? Усе б сабралiся вакол цябе, нахiлялiся б, каб лепей цябе разгледзець, кiвалi б спачувальна галовамi i казалi: "Ён добры быў, небарака... Паглядзiце, як папрыгажэў нябожчык. Заплюшчылiся яго лiсiныя вочкi, патанчэлi пульхныя губы, схуднеў i выцягнуўся яго пляскаты нос. Глядзець прыемна! Памятаеце, з якой асалодай ён лупцаваў сафiстаў i ашуканцаў - нiбы выбiваў лiсiныя шкуркi. Ён зрабiў шмат дабра дзяржаве. А якая аддзяка? Пражыў i памёр на саломе. I кажучы мiж намi, той, хто пацярпеў ад яго слоў i ўчынкаў, можа, i дурань, але не махляр; а той, хто зарабляе справамi i словамi сваiмi, мае смярдзючыя рукi i душу... Ведаеце што? Давайце зробiм яму пахаванне на грамадскi кошт. Нашым дзецям патрэбныя ўзоры".