Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Костас Варналис

13. Вось - Найдабрачыннейшы з Плакi, старшыня суполкi аховы маральнасцi, якi не дазваляе сустрэцца на вулiцы двум сабакам, але патаемна аддае сваю жонку палюбоўнiкам i сам цешыцца з гэтага. А вось - Вяпрук з Лепсiны, закруглены спераду i ззаду, бялюткi ўнутры i звонку; ён вытлумачвае ўсе таямнiцы багiнi, але не тлумачыць таго, якiм чынам яе палеткi i алiўкавыя гаi ператварылiся ў яго фамiльную ўласнасць. А, вось i буйныя гандляры збожжам i караблеўласнiкi Пiрэя браткi Саракапальчыкi (якiя справы, такое i iмя!); iм удаецца кожны год займаць пасаду "збожжахавальнiкаў", каб рэгуляваць цэны на збожжа, муку i печаны хлеб i правяраць, цi не занадта лёгкiя гiры ў iншых гандляроў. А вось i лiхвяр Фармазон з Кефiса, якi давёў людзей да галечы, але загадаў пабудаваць ахвярнiк Мiласэрнасцi i, сiлкуючыся ячным хлебам ды гнiлымi маслiнамi, нiяк не можа пазбыцца скулаў; праз гэта ён скрабе сябе там, дзе яму болей да твару былi б рогi i ярмо. А вось i Цнатлiвец з Калона, далiкатны, надушаны, вымыты ў духмяных водах, дбайны штогадовы адкупшчык падаткаў на прастытуцыю, якiя яму выплочваюць нават родны брат i каханка. А вось i вялiкi заступнiк за сiротаў Спагадлiвы, якi выкiнуў на вулiцу братавых дзяцей ды яшчэ пасля жалiўся, што яны зрабiлi яго бедняком. А вось i Фрасiй, сынок Кляона, якi разам з пятнаццаццю такiмi, як i ён сам, падцiкоўваў аднаго грамадзянiна, каб адлупцаваць i забiць яго, але цяпер, калi часы змянiлiся, ён калоцiцца ад страху i сцвярджае, што пакаяўся i што пойдзе ў манастыр дзеля збавення душы сваёй. Вось i славуты лжэсведка Праўдзiвы. Каб паспець абслужыць сваю асобу, ён адчынiў побач з судом кантору з дзесяццю памагатымi...

(Страшэнны гвалт, пагрозы, крыкi: "Далоў! Далоў!")

14. Якое яшчэ там "далоў!"! Навошта марна гарлапанiць? Паспееце назлавацца, бо далей я скажу пра вас яшчэ горшае. Баiцеся, каб я не выкрыў нячыстыя справы кожнага з вас паасобку? Супакойцеся... Я не бачу далей, як два першыя рады. I зноў жа... Скуль мне ведаць усе вашыя iмёны? Каб вы зрабiлi дзесяць (досыць i трох!) подласцей, разам было б колькi тысяч... Хто здолеў бы пералiчыць iх, адну за адной? Мне вы прыпiсалi ўсяго тры, i спатрэбiлася аж шэсць гадзiн, каб пра iх расказаць i пераканаць вас. I, зрэшты, чаму вы злуяцеся, што я вас выкрываю? Вы ж - Закон, Закон учарашнi, сённяшнi i заўтрашнi. Калi б хоць адзiн сярод вас быў чысты, Закон развалiўся б, рассыпаўся ў прах.