Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Костас Варналис
8. Каго не аслепiць моц гарбара Анiта? Доблесны ваявода. Вы яго адправiлi з трыццаццю караблямi ратаваць Наварын, а ён схаваўся за мысам Малеяй (разумееце, вецер быў не ў той бок). Пакуль крэпасць не здалася, ён ратаваў сваю шкуру. Сквапнасць, разумееце, вымушае яго сваю шкуру цанiць больш за гонар "загiнуць за айчыну". I калi пасля яго былi асудзiлi за здраду, ён паказаў, якi ён стратэг. Той, хто дрыжаў за сваё жыццё дзеля грошай, не стаў дрыжаць над грашыма дзеля ўласнага жыцця. Такiм чынам тагачасныя суддзi апраўдалi яго, што было надзвычай суладна i з iм, i з традыцыямi рэспублiкi, i з ветрам не ў той бок, якi стаў яму гэткiм спрыяльным.
9. Не магу дараваць яму толькi таго, што ён заплацiў цэлую мiну кручкатвору Палiкрату за абвiнаваўчую прамову, якую той прадэкламаваў вам, не раўнуючы як актор. Чаму б яму, добрай душы, было не прыйсцi да мяне? Я б яму склаў куды лепшую - прынамсi, разумнейшую - ды яшчэ за палову тых грошай. Пасля таго як я, сказаўшы два словы ў сваю абарону, давёў вас да шаленства i вы засудзiлi мяне да смерцi, я б дамогся яшчэ большага поспеху, абвiнавацiўшы сам сябе, што я зараз i зраблю. А грошы тыя прыдалiся б мне, каб набыць атруты найлепшага гатунку i заказаць сабе дамавiну з арэхавага дрэва - на злосць Сакрацiсе, ад якой я нiколi не бачыў належнай павагi.
10. А рытар Лiкон? Цi бачылi вы калi-небудзь рытара, якi быў бы адно што дэмагогам? Якраз таму вы i зрабiлi яго стратэгам i даручылi яму абарону Лепанта. Але ён, ведаючы цану патрыятызму, прадаў за срэбра крэпасць ворагам. Вы ж пасля паверылi яму, нiбыта ён не мог нiчога зрабiць насуперак Лёсу, якому падуладныя i багi - гэта значыць, насуперак грошам, якiя кiруюць i Лёсам. Вось гэты славуты збавiцель пiша законы, што ахоўваюць жыццё, годнасць i маёмасць грамадзян - гэта значыць, яго жыццё, яго годнасць i яго маёмасць - i забiваюць здраднiкаў - гэта значыць, тых, хто не здольны прадаваць сваю радзiму.
11. Калi гэтыя двое фанабэрацца, што яны заслужана лiчацца "ўлюбёнцамi горада", Мелет, сын Мелета, мiтыец, лiчыць вартым смерцi Сакрата, сына Сафранiска, алапекiйца. Надушаны Мелет, невядомы паэт i добра вядомы "той самы"... Але ж ён - малайчына! За некалькi соцень мiнаў ён згадзiўся падмахнуць абвiнаваўчы акт, падвяргаючы сябе пры гэтым небяспецы: у выпадку майго апраўдання - быць асуджаным "за страту годнасцi". Ды, вiдаць, хлопцу не было ўжо чаго губляць.
12. У параўнаннi з iмi я нiчога не зрабiў для радзiмы. Я не здаваў Наварына, не прадаваў Лепанта, я не аддаваўся ў струменях Кефiса мiстэрыям мужчынскай Афрадыты. I колькi мне нi навязвалi пасадаў, я iшоў супраць звычаяў iншых начальнiкаў i супраць густаў натоўпу, цi то - праз сваю ўпартасць, цi то праз сваю адкрытасць. Яшчэ перш чым вы вырашылi праславiцца маёй смерцю, я ўжо тры разы быў на валасiнку ад яе: два разы - у векапомныя часы рэспублiкi i аднойчы - у эпоху Трыццацi тыранаў. Але нават калi б мае абвiнаваўцы не былi такiя важныя персоны, а я - такi маленькi чалавек, дык i тады б у вас хапiла мудрасцi i цноты асудзiць мяне. Вы ўсе тут як на падбор, адзiн пад аднаго! Зевесавы суддзi! Толькi мозг i душа... Без фантазiй i без пустой балбатнi. Раз-два i - гатова! Таму вы выносiце смяротны прысуд з гэткай самай лёгкасцю, з якой калупаеце пальцамi ў носе i размазваеце выкалупанае там, дзе седзiце.