Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 22
Костас Варналис
9. Вось такiя iсцiны здабываў я з душы Статка. Iсцiны, якiя з часам i па звычцы сталi iнстынктамi, мацнейшымi за голад i каханне. Дзякуючы ўсё таму ж павiвальнаму майстэрству я мог здабыць з душ - раз ужо мяне пачалi прымаць за ўсяведнага - i такiя рэчы, якiх там не было, не раўнуючы як кiтайскiя фокуснiкi вымаюць чарвяка з вока мегарцаў. "Але ж чарвякоў, - скажаце вы, - мы бачым i таму верым у iх". "А iдэi?" У iх, грамадзяне афiняне, спачатку вераць, а пасля iх бачаць. Варта несамавiтай старой без дай прачыны заверашчаць у царкве, паказваючы пальцам на святога Х: "Зiрнiце... варушыцца... падае нам знакi", - як усе навокал на свае вочы ўбачаць тое самае: i рух, i слёзы, i знакi, i нават пачуюць грозны голас святога.
10. Гэта цуд, вядома. Але цуд надараецца найчасцей, калi толькi ўкладваць у душу тое, што там жадаеш знайсцi. Корпаючыся потым у ёй кiпцюрамi логiкi, знаходзiш тое, што хочаш. Колiсь богазневажальнiкi, бывала, закопвалi ў карэнне кiпарысу цi побач з крынiцай абраз, а потым "снiлi", што ў тым месцы ўжо колькi часу ляжыць схаваны "святы" i хоча выйсцi. Тады, узняўшы на ногi ўсю вёску, са свечкамi й цiм'янам яны iшлi туды, выкопвалi абраз - i па ваколiцы разлiваўся водар. Будавалася каплiца, на тацы сыпалiся грошы, посуд напаўняўся алеем, а богазневажальнiк станавiўся святым, як "божы абраннiк".
11. Вось такiмi цудамi я ўмацоўваў царства Летуценняў у Затоцы Плачу. Я сляпiў дурасць i такiм чынам прыносiў карысць ладу Несправядлiвасцi ў адпаведнасцi з правiлам: "Чым дурнейшы дурань, тым больш ён самаўпэўнены". Вам не трэ было мяне забiваць. Наступяць iншыя часы, i "моцныя" будуць дорага плацiць фокуснiкам не за тое, што яны выцягваюць, а за тое, што ўкладваюць чарвякоў у мазгi i душу мегарцаў, што твораць цуды, павучаючы малых i старых, што найсумленнейшае i найсвяцейшае ў свеце - гэта эксплуатацыя. Тады людзi, ахутаныя блакiтным туманам, небыццём думкi i волi, не змогуць варушыць нi языкамi, нi мазгамi, нi рукамi.
12. Душа, якая знаходзiцца на недасягальнай вышынi ў карагодзе вечных субстанцый, баiцца быць закранутай законамi прыроды i чалавека - брыдотай, адноснасцю i тленам. Хай нават цела валяецца ў гразi, душа застаецца чыстай. Ёй не балiць, яна не пакутуе, яна не крыўдуе. Вольная, яна не пярэчыць. Джалам сваёй фiласофii я джалiў прасцячкоў у хрыбет i паралiзаваў iх, забяспечваючы "вясёлую гульбу" разумных. Чаму ж вы мяне забiваеце? Я бачу дзяржаву будучынi, грамадзяне афiняне. Яна абагаўляе голад, пакуты i глупства, яна асыпае золатам i кормiць зярнятамi i арэхамi шарлатанаў, якiя абдурваюць народ, пераконваючы яго пагарджаць матэрыяльным i чакаць узнагароды ў "свеце духаў".