Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 62

К Тарасов

Астап пакiнуў Сiрвiда пасля першага пераходу, калi ўпэўнiўся, што Даўмонтаў адыход не абудзiў падазрэнняў. Маючы завадных коней, ён прасядзеў у сядле ад зары да зары i апынуўся на месцы сустрэчы крыху пазней за крэўскага князя. Ранкам да вусця Сулы прыбыў Трайт з сотняй жамойтаў. Князi павiталiся i ўселiся на беразе для апошняй рады. "Час прыйшоў, - сказаў Трайнат, - цяпер наперад!" - "Куды ж яшчэ!" - весела пацвердзiў Даўмонт. Трэба было нешта сказаць i Астапу. Ён вырашыў падагрэць сваiх абодвух суразмоўцаў: "Праз дзень будзе позна!" На прырэчным пяску ён накрэслiў размешчанне князева селiшча ў Альконах, паказаў, дзе брод, стадолы, выпас, двор, каморы аховы, месцы начной варты, галоўныя i патаемныя вароты. Разважыўшы над малюнкам, яны азначылi надзейную, як iм здалося, паслядоўнасць сваiх дзеянняў.

Астап прыбудзе ў Альконы падвечар. На досвiтку Даўмонт павiнен стаяць на ўзлессi напагатове. У гэты ж час на другi бераг Нёмана падыходзiць са сваiм палком Трайнат. З першым святлом Астап адчыняе вароты. Гэта знак Даўмонту. Як вароты пачнуць расчыняцца, Даўмонт мусiць браць двор, конная сотня Скуркi трымае князеву ахову ў стадолах. Полк Трайната пераходзiць бродам Нёман, атачае колам усiх, каб нiхто не прарваўся. Дзеля адрознення сваiх ад мiндоўгавых кметы Даўмонта i Трайната мацуюць да шлемаў яловыя лапы. Хто без лапы - таго секчы. Пасля бою ў Альконах дружыны iдуць да Наваградка. Замкавая ахова, ведаючы Астапа, апусцiць мост i адчынiць браму. Разам з паўсотней жамойцi Астап уваходзiць у замак i трымае мост i вароты. А тады горад займаюць Трайнат i Даўмонт. I да войска паiмчыць ганец з весткай пра здзейсненую Даўмонтам помсту i пра новага вялiкага князя Наваградка i Лiтвы...

Трайнат i Даўмонт паплявалi праз плячо, каб нiхто не сурочыў, Астап паводле праваслаўнага звычаю перахрысцiўся, i ўсе раз'ехалiся выконваць кожны сваё.

20

Апошнюю ноч перад сустрэчай з Мiндоўгам Даўмонт правёў на ўзлеску за дзве сотнi крокаў ад княжацкага двара.

Блакiтная чароўная поўня асвятляла страху той хаты, дзе снiлi свае перадсмяротныя сны воўк i ягоныя ваўчаняты. Каля вогнiшчаў на лузе пазяхала ахова. Вартавыя па чарзе абыходзiлi луг, бераг, двор i вярталiся грэцца. Гэтай вонкавай аховы было чалавек дваццаць. Усiм iм заставалася жыць некалькi гадзiнаў. Даўмонтавы людзi нерухома ляжалi ў кустоўi, чакаючы золку. Сам князь прыхiлiўся да сасны i драмаў. Пачуццё блiзкай ужо помсты сагравала яго. Год ён цярпеў ганьбу i кпiны. Ён дасылаў сваiх ураднiкаў глядзець непатрэбных яму дачок слабых князёў. Як скораны, прыгнечаны зломак, ён аддаў маёмасць сваёй жонкi яе захопнiку. Ён сцярпеў сорам дзеля гэтай ночы - ночы адплаты. Цяпер чарга князю Мiндоўгу зведаць, што такое жах. А жахлiва яму стане не ад меча i не ад сваёй смерцi - наўрад цi ён баiцца сваёй смерцi, ён i так лiшняе пажыў. Стане яму страшна, калi ягоныя ваўчаняты атрымаюць па аперанай страле. А ўжо тады i сам ляжа памiж iмi. Мiндоўг i Мiндоўгавiчы. Стары кароль Лiтвы i яе недарослыя каралевiчы. I род ваўка на iх згасне. Усё, што ён праз свай век рабiў, пра што марыў i мроiў, пойдзе з дымам. I заўтра ўдзень ён, Даўмонт, будзе ехаць па Наваградку i ступiць у замак, i там, дзе быў абрабаваны, дзе яго зганьбiлi, дзе забiвалi ягоных людзей, скiне з сябе цяжар прынiжанасцi. Шкада, на чарняца Войшалка забылiся. Трэба было i на ягоны манастыр наслаць кметаў. Каб адначасова вынiшчыць увесь Мiндоўгаў вывадак.