Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 60

К Тарасов

Адвячоркам Агна пайшла з князем да Нёмана. Упершыню яны прагульвалiся разам. На луг сiвымi пластамi напаўзаў туман, шэрымi ценямi рухалiся ў тумане спутаныя конi, вакол вогнiшча грудзiлася варта, ад стадолаў далятаў вясёлы смех, а дзесьцi далёка за вёскай нехта спяваў сумную песню, у адзiноце праводзячы барвовы захад. Яны спынiлiся на беразе i доўга глядзелi на адлюстраванне ў Нёмане першых зорак. Абодва адчувалi, што ў гэтую хвiлiну памiж iмi загадкава сцiраецца мяжа раз'яднанасцi; патрабавалiся нейкiя важкiя словы, каб адзначыць у памяцi гэты iх першы сямейны вечар.

- Князь, - пачала Агна, - беражы сябе. У цябе за спiнай чыйсьцi цень. Гэта нядобры цень, а Рэпiк i Рукля яшчэ дзецi. Мне часцяком бывае страшна. Я хачу ў Наваградак, там спакайней...

Мiндоўг уважлiва яе слухаў.

- Добра, - зразумеў ён недасказанае. - Буду сцерагчыся.

Але гэтае абяцанне было недастатковым адказам на абвешчаную вернасць. Агна чакала шчырасцi.

- Я з дзяцiнства жадаў улады, - сказаў Мiндоўг. - Я звыкся з уладай i, пэўна, не здолею ад яе адмовiцца, пакуль не памру. I жыццё склалася гэтак, што мой першы сын на трыццаць гадоў старэйшы за сярэдняга. Гэта азначае, што я Войшалка любiў i на яго спадзяваўся. Трыццаць гадоў у мяне быў адзiн сын, i я доўга не жанiўся пасля смерцi першае жонкi. Потым я зразумеў, што спадзяюся дарэмна: ён хутка ўспыхвае, i хутка гасне. Сухая салома. Ён - то ваяр, то манах. Быць адважным ваяром для князя мала, быць шчырым манахам - нельга.

Яны пацiху пайшлi ўздоўж ракi да краю лугу.

- Цяпер, - працягваў князь, - я спадзяюся на сына, якому да княжай справы яшчэ з гадоў сем сталець. Рукля будзе сапраўдным князем. Цi, магчыма, Рэпiк стане сапраўдным князем. Зараз ён цiхi, але ўсё мяняецца. Я таксама быў не надта шумлiвы. Але сем гадоў трэба неяк пражыць. Таму я абавязаны быць хiтры, недаверлiвы, рашучы, асцярожны, жорсткi, разумны, каб мяне не падманулi такiя ж жорсткiя, хiтрыя i рашучыя. Марта гэта разумела. Наогул, разумела ўсе дачыненнi - князёў, немцаў, вешчуноў, сваякоў, злых i слабых...

- Ты думаў, - спытала Агна, - што i мне ўсё зразумелае, як ёй?