Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 61

К Тарасов

- Не, гэтак я не думаў, - шчыра адказаў князь. - Марта была надзейная жонка. Дванаццаць гадоў мы прабылi разам. Раптам яе не стала. Такое рабiлася на сэрцы, нiбыта ў бiтве стаю голы сярод апранутых у браню. Яе няма, ты ёсць вось i ўсё, што тады бачыў. Хоць, - удакладнiў Мiндоўг, - не зводзiцца адказ да аднаго слова. Шмат усяго сыходзiцца разам. Была i такая прычына: нашто Руклю i Рэпiку браты ад нальшанскага князя? Не можа Нальшча быць асобнай зямлёй. Марта баялася вайны памiж яе i тваiмi дзецьмi ў будучынi. Няма радасцi быць жорсткiм, але яшчэ горш пакiдаць жорсткiя справы для сыноў. Я не вырашу iм давядзецца вырашаць. Улада вышэй за князя. Князь памiрае, а зямля i ўлада застаюцца. Мы ў гасцях ва ўлады. Узяў уладу - яна загадвае. Толькi дурань думае, што ўлада - гэта ён сам. Улада i табе будзе загадваць, калi мяне не будзе. Пра гэта я нiколi не забываюся. А пра тое, цi будзеш ты мне сябрам, цi адолее цябе варожасць - не думаў. А кiм станеш? - спытаў ён.

- Былi месяцы, Мiндоўг, - сказала Агна, - ненавiдзела цябе. Цяпер - не, адышло. Пра сваё жыццё думаю, i змяёй для цябе не буду. Буду, як была Марта.

Князь памаўчаў, прымаючы такое прызнанне.

- Хай так, - усмiхнуўся князь. - Ты сказала лепш, чым я мог пачуць...

19

Ваявода Сiрвiд Рушковiч чакаў прыбыцця да войска вялiкага князя - было неабходна здымацца ў паход. Для дзесяцi тысяч верхавых i тысячы цяглавых коней навокал Слуцка не хапала выпасаў, i ўжо здарылася бойка памiж полацкiмi i наваградскiмi стаёўнiкамi за пожнi. Усе дружыны сабралiся, затрымлiваўся толькi Трайнат, але ганцы дакладвалi, што жамойцкi полк вырушыў i ў хуткiм часе падыдзе. Нарэшце ад Мiндоўга прыбыў Астап з загадам iсцi да Прапошаска, там князь ачолiць войска.

У той жа дзень Астап з'явiўся ў Даўмонтавым намёце. Гэта была iх першая сустрэча пасля зiмовай паездкi разанца па Агнiну маёмасць. Па злым бляску ў вачах крэўскага князя Астап зразумеў, што Трайнат паасцярогся адкрываць мсцiўцу ўсю задуму. Цяпер Даўмонт адчуваў разгубленасць. З Астапавай просьбы неадкладна паслаць вестуна да жамойцкага князя, Даўмонт зразумеў, што замест непрыяцеля перад iм стаiць хаўруснiк. Ганец павiнен перадаць Трайнату: сустрэча праз два днi каля вусця Сулы. Таму, казаў Астап, заўтра Даўмонт мусiць зняць з паходу дружыну i паспяшаецца да Сулы. Далейшае яны абмяркуюць разам з Трайнатам.

Як ён здыме з выправы полк - Даўмонт ведаў. Ён мог проста павярнуць свой абоз i пайсцi, i хто б спынiў, хто б спытаў з яго пасля помсты? Але такi рашучы сыход затойваў небяспеку - раптам ваявода Сiрвiд пашле вестуна паведамiць свайму князю, што Даўмонт разам з дружынай знiклi. Ён вырашыў адказаць хлуснёй на хлусню вялiкага князя. Мiндоўг год таму спасылаўся на волю багоў, Даўмонт палiчыў вартым паказаць, што таксама чуе iхняю волю.

I таму ў ноч напярэдаднi паходу Даўмонт пераказаў дружыне трывожны сон. Прыснiлася яму, быццам у полi граяла над яго дружынай чарада варон i адляцела ў бок Нальшчы. Старыя кметы ацанiлi сон як злавесны: чарада варон - чорныя вестуны да iхных сем'яў, пойдуць далей - усе ў гэтым паходзе загiнуць. Настрой няпэўнасцi захапiў усiх. Тады князь абвясцiў ваяводзе Сiрвiду, што ў паход iсцi не мусiць - багi далi кравянам знак вяртацца дадому. "Сам глядзi!" толькi i адказаў, нiбы папярэджваючы благiя наступствы, незадаволены Сiрвiд, але пярэчыць процi нябеснага знаку ўстрымаўся. Усё войска знялося i пайшло да Прапошаска. Крэўскi полк рушыў зваротным шляхам.