Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 56

К Тарасов

- Са мной яшчэ горш было, - прыгадала Агна. - Ела неяк сунiцы. Ягаду падкiну - ротам лаўлю, потым - дзве, потым - тры. I гэтак мне соладка i добра - млею ад асалоды. Раптам быццам хто з маху iголку ў язык уваткнуў - пчала заляцела, са страху ўджалiла. Прыбегла дадому, а мяне адразу давай катаваць, каб джала з языка выцягнуць. Палову выкалупалi, палова засталася. Язык распух, тырчыць вонкi, як затычка. Нi есцi, нi пiць, нi стагнаць не магу. Тыдзень за печчу галодная ды нямая хавалася, каб нiхто не бачыў i не кпiў...

Рукля i Рэпiк заходзiлiся смехам.

- Глядзiце! - Мiндоўг паказаў рукой на нерухомую чорную кропку ў небе над лесам. - Сокал. Зараз рынецца на некага.

I сапраўды, чорная кропка раптам iмклiва панеслася ўнiз, i сталi бачныя распластаныя крылы i гатовая для ўдару дзюба. Высокiя дрэвы не дазволiлi ўбачыць канец сакалiнага палявання.

Усе крыху памаўчалi, разумеючы, што сокал перамог, а нейкая жывая iстота загiнула.

- Вось такое на свеце жыццё, - задумлiва сказаў Мiндоўг.

- Усе есцi хочуць, - заключыў Астап. - Ды лепш я вам таксама раскажу сваю прыгоду. Бо са мной такое было ў дзяцiнстве, - Астап хiтравата ўсмiхнуўся, чаго нi з кiм на белым свеце не было.

- Ну ўжо! - не паверыў князь. - Немагчыма. Усё было i будзе.

- Можа, i будзе, - сказаў Астап, - наперад не ведаю, але раней не было, паклясцiся магу. Неяк расказала мне мая бабка казку пра жабку-князёўну. Назаўтра ранкам iду ўздоўж рова, бачу сядзiць на маёй сцяжынцы жаба. Думаю: вось яно, маё шчасце, мяне чакае. Жабу схапiў, да сэрца прыцiснуў, дамоў прыбег, за печку схаваўся i ў халодную пыску яе цалую. Бабка прыкмецiла, спужалася: "Унучак, ты што, ашалеў?" - "Не! - кажу. - Нявеста мая. Трэба пацалаваць, каб у дзяўчынку павярнулася". Тады бабка кажа: "А-а! Правiльна, унучак, робiш, але, можа, не сваю нарачоную схапiў. Вазьмi, унучак, торбачку, яшчэ пашукай!" Я iх, можа з дзесятак перацалаваў. Ды вось, не пашанцавала... Ну што, нiхто больш пра такую любоў пахвалiцца не можа?

- Твая праўда! - здзiўлена зазначыў Мiндоўг.

- Я магу! - пераможна аспрэчыў Рэпiк. - Са мной было. I жабу я каля вежы сустрэў. I цалаваў за печчу. I таксама князёўнай не стала...

- Ты глядзi! - расчаравана адгукнуўся Астап. - Дарэмна я паклясцiся хацеў.

А Рукля не ўтрымаўся пакпiць з брата:

- Жабiн жанiх!

- А табе затое варона на нос нагадзiла, - прыгадаў у адказ Рэпiк. Забыўся ўжо, як на гняздо зазiраўся?

Браты абмянялiся варожымi позiркамi i адвярнулiся адзiн ад аднаго ва ўзаемнай непрыязнасцi.

- Варона - святое! - сказаў Мiндоўг, каб замiрыць сыноў. - Усiм ад яе дастаецца. Што нос - у кожнай лужыне адмыеш. Як-небудзь вазьму вас у Коўна, там старадаўняе свяцiлiшча на выспе, святая дуброва - адны вароны толькi i жывуць. Хто ў тых варон каменем кiне - таму галаву сякерай зносяць. А каго якая з тых варон адзначыць, як Руклю, той шчаслiвы ходзiць, месяц не мыецца, перад усiмi выхваляецца - во, глядзiце, знак удачы займеў.

- Што ж гэта за ўдача такая, - засумняваўся Рэпiк, - месяц на галаве паскудства насiць.

- Паспрабуй, - параiў Мiндоўг, - даведаешся.