Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 54

К Тарасов

А дзень пакрысе даўжэў, наблiжаючы ўрочную гадзiну, канчатак мядзвежага сядзення па дварах, абавязковы збор войска. За апошнiя дзесяць гадоў нiводнае лета не абыйшлося без вайны. I надыходзячае не магло стаць выключэннем.

Пасля красавiцкiх дажджоў зямля абудзiлася, зарунелi палi, чорны лес, кустоўе ажылi ад зiмовай самоты, апранулiся ў пяшчотнае лiсце, i кожная жывая iстота ў лесе, полi, на балотах крычала пра сваю прысутнасць на свеце. У такi прыгожы дзень закарцела Даўмонту прамчацца па крэўскiх дарогах, па ўскрайку леса, па зялёных пагорках. Ён гукнуў асядлаць каня i выехаў з замка. На пустой вулiцы паселiшча наводдаль нейкая баба намагалася загнаць у двор парсюка. Той не хацеў пакiдаць вялiкую гразкую лужыну, i баба дарэмна тыркала яму ў бок хварасцiнай. Даўмонт, пасмiхаючыся з высiлкаў цёткi, наблiжаўся да яе. Убачыўшы князя, баба паспяшалася ачысцiць шлях ад сваёй упартай жывёлiны i вiдаць, добра ёй упякла, бо свiння завiрашчэла, кiнулася ратавацца i са страху - проста пад ногi каню. Гэтак хутка яна неслася, што князь здзiвiўся - не кожны сабака здолеў бы яе абагнаць. Напужаны конь ускiнуўся, князь выляцеў з сядла i кулем грымнуўся на зямлю. Хужэй было тое, што левы бот зачапiўся за стрэмя, i конь у галоп павалок Даўмонта па камянях i гразi ў канец паселiшча. З падлеткавых гадоў не здаралася з Даўмонтам такой няўдачы. Нарэшце, вызвалiўшы нагу, князь адчуў, што не можа на яе ступiць. Ён стаяў пасярод дарогi прамоклы, пакрыты брудам, як балотная жаба, спiну палiла агнём, i замест замiлавання, з якiм ён выехаў на прагулянку, Даўмонт кiпеў лютай злосцю на бабу i свiнню. Але тых як ветрам здула. Ускарабкаўшыся ў сядло, Даўмонт вярнуўся ў замак. Тут яго чэлядзь распранула, адмыла ад гразi i шчыра пачала спачуваць: абдзёртая палова скуры на спiне крывавiла, нага пухла на вачах.

Назаўтра да гэтай бяды дадалася большая: прыбыў ганец ад Мiндоўга нарэшце, выправа. Даўмонт ледзь не звар`яцеў ад крыўды. Чакаць урачыстай хвiлiны амаль год - i гэтак недарэчна яе сустрэць. Дружына пойдзе гiнуць за Мiндоўга, а яму рыпець зубамi на ўласнае глупства.

Не выехаўшы з дружынай, князь не адпусцiў у войска i Вiценя. Спакайней было трымаць разлютаванага кмета пры сабе. Толькi праз месяц, калi Скурка прывёў полк i паведаў падрабязнасцi дарэмнага пахода, Даўмонт зразумеў, што баба i свiння былi пастаўленыя перад iм на дарозе багамi. Яго не выпусцiлi ў паход, дзе не меў бы падступiцца да Мiндоўга. Багi ведалi, што зручнага выпадка не будзе i правалаклi па гразi для ўрока: любая свiння можа скiнуць князя ў лужыну, калi ён неабачлiвы. Дзякуй iм за клопат. Брыдка было б за дзесяць крокаў ад Мiндоўга сядзець, як ягняцi, i слухаць старэчыя байкi пра даўнiя наезды i дружбу ранейшых князёў. Калi б былi тыя любоў i дружба, дык не распытваў у гэтым паходзе занепакоены князь Трайнат ваяводу Скурку, няўжо Даўмонту так блага, што не здолеў конна сядзець? Пэўна, прымерваўся пад час выправы пераняць Мiндоўгавы меч. I полацкi Таўцiвiл разлiчваў на такую ж удачу, падступаўся да Скуркi: "Дзе Даўмонт? Цi выжыве? Можа прыбудзе?" Не могуць дачакацца ягонай помсты. А гэтакая помста патрабуе абачлiвасцi. Трэба адпомсцiць i не пакласцi дружыну. Хай гiнуць ваяры пляменнiкаў Мiндоўга, у iх дружыны буйныя. Трайнаце i Таўцiвiлу смерць старога князя патрэбная не меней. Мо, i болей, чым яму. Iм трэба каб Мiндоўг загiнуў яд ягонага меча. Тады на iх нiбыта не патрапяць пырскi сваяцкай крывi. Але Мiндоўгаву ахову няхай вынiшчаюць яны. Ён не будзе адпомшчаны, калi саслабее. Той жа Трайнат пашле сваiх кметаў забiць яго, каб далучыць Нальшчу да Наваградка. I абвесцiць, што помсцiў за любiмага дзядзьку. Тады Мiндоўг пасмяецца на нябёсах, што Даўмонт стаў ахвярай новага валадара. Адзiн адняў жонку, другi - жыццё. Не, лепш асцерагчыся.