Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 57

К Тарасов

Абедам прыехалi ў Альконы. Вялiкi двор, абгароджаны высокiм парканам з дубовымi варотамi, стаяў на пагорку блiзка Нёмана. Памiж ракой i лесам шырока раскiнуўся луг. Адным краем ён упiраўся ў лясiстыя ўзгоркi, на другiм была вёска загоншчыкаў, з дзесятак хатаў. Княжы двор закрывалi ад вёскi дзве стадолы, якiя скарыстоўвала пад жытло паўсотня аховы, бо не ўтоплiвалася ў каморы пры двары.

Да вечара ўладкоўвалiся, у прыцемках павячэралi i пайшлi на купальскае вогнiшча. Маладыя кметы пускалi з горкi абмазаныя смалой, падпаленыя колы. Князь, а за iм Агна, Рэпiк, Рукля, Астап паднялiся на ўзгорак. Мiндоўг не ўтрымаўся i таксама запусцiў падпаленае кола да ракi. I апынуўся пераможцам далей за ўсiх ягонае кола пракацiлася. "Шанцуе табе, княжа, - ухвалiў Астап. Будзе табе гэтым годам шчасце!" - "Хто ж процiў? - адказаў Мiндоўг. - Абы няшчасця не было!" Агна прысела на высахлую траву, князь прылёг, тады i Астап дазволiў сабе прылегчы. Усе моўчкi глядзелi на зыркiя купальскiя зоркi. На лузе дружыннiкi i вясковыя дзяўчаты скакалi цераз агонь, нарошчваючы яго ў даўжыню. Рэпiк i Рукля з аднагодкамi з вёскi таксама скакалi цераз полымя ўпоперак вогнiшча.

- Што мяне дзiвiць, - сказаў Мiндоўг, - дык гэта зоркi на небе. Што гэта такое? Хоць бы хто знаў ды растлумачыў, што за агеньчыкi там, у вышынi. Кажуць: знiчкi нашыя там агеньчыкамi гараць. Як хто памрэ - знiчка гасне. Нешта мала верыцца. Колькi людзей на маёй памяцi i ў бiтвах загiнулi i сваёй смерцю памерлi, а зорак i на дзесятак не паменшала.

- Тысячы палеглi, - знайшоў яснае рашэнне Астап, - тысячы нарадзiлiся.

- Магчыма, - не задаволiўся князь. - Толькi як яны загараюцца, а? Вось гэта таямнiца... А што, Астап, - раптам змянiў цiкаўнасць князь, - ты папраўдзе жабу цалаваў?

- Не, пакуль не давялося. Бачыў, як Рэпiк цалуе. Ну, i прыдумаў, каб не саромеўся перад братам.

- Шкада, - сказаў князь. - Выходзiць, толькi адзiн мой сын такi дурань даверлiвы.

Агна слухала гэтую размову, глядзела, як слупамi ўзлятаюць над вогнiшчам iскры, бачыла каля агню шчаслiвых дзяцей, i адчувала горасць, што вытруцiла зародак. Быў бы ў яе сын. Яе дзiця. Пакуль Мiндоўг жывы - яна абароненая, i дзiцёнак быў бы пад абаронай. Зясцерагла Даўмонта ад прынiжэння, сябе свайго шчасця пазбавiла, а ён усё адно вымеў яе сляды... Хоць бы хто спынiў тады. Хоць бы дзяды з неба розум прасвятлiлi. Вось, Астап, мог спынiць, але слова процi не сказаў. Быццам бы адгукнуўся на просьбу, дапамог, нават i рызыкаваў, а дзiця загубiла з яго дапамогай. I дачка ў яго ёсць прыёмная, i ўласны сын гадуецца, аднак жа не адгаворваў... Ды што яго вiнавацiць - сама прасiлася. Князя ненавiдзела, па Даўмонту сумавала, а забiла дзiця. Трэба нарадзiць, вырашыла Агна. Хоць даведаюся, што гэта за боль, калi дзiця родзiш, i якая радасць, калi народзiш. А чыё яно - маё...

Князь прабыў у Альканах два днi i, пакiнуўшы ахову, вярнуўся ў Наваградак, як ён сказаў, будаваць вежу i рыхтаваць паход. Агна адчула да яго ўдзячнасць, што не застаўся i даў ёй волю пабыць сам-насам. Усю сярэдзiну лета, пакуль Мiндоўг адсутнiчаў, Агна пра яго i не ўзгадвала. Здавалася ёй, што ён наогул з'ехаў назаўжды. I рэдкiя ўспамiны пра Даўмонта не адгукалiся пачуццямi, нiбы ён быў выпадковы спадарожнiк на забытым ужо шляху. Няблiзка быў Наваградак, яшчэ далей стаяў Крэўскi замак, не хацелася ўзiрацца праз такую далячынь у iхныя дубовыя сцены, вежы, брамы, каморы i насельнiкаў. Быццам растварылiся яны ў павалоцы сонечных летнiх дзён. Марылася Агне, каб на яе забылiся. I ранкам, калi хадзiла ў лес, i ўвечары, калi стаяла на беразе, гледзячы як адбiваюцца зоркi ў Нёмане, цi калi купалася ў цёплай нёманскай затоцы, цi калi гатавала на паварнi, адчувала Агна гэтую мару. "Добра б, - казала яна сабе, застацца тут назаўсёды. Не бачыць нiкога з iх - нi другога, нi першага. Толькi б дзiця нарадзiць, каб было пра каго клапацiцца".